Гербу Радзівілаў спаўняецца 600 гадоў (фота)
А сёлета – 500 гадоў, як гэты княскі род атрымаў у валоданне Нясвіж.
Менавіта 2 кастрычніка 1413 года ў Гародле 47 шляхецкіх сем’яў атрымалі свае гербы. У тым ліку і Радзівілы. Іх гістарычны продак, баярын Крысцін Осцік атрымаў герб “Трубы” з рук кардынала арцыбіскупа кракаўскага Мікалая Тромбы – самай важнай персоны Польшчы пасля караля. Гэта сведчыць, што Осцік і яго сям’я мелі вагу ўжо ў той час.
Тэлефануем у Варшаву Мацею Радзівілу.
Мікалай (злева) і Мацей Радзівілы з польскай школьніцай, якая несла на ўрачыстасці іх сямейны герб "Трубы".
Мацей Радзівіл: “Гарадзельская унія – гэта пачатак пісьмовай гісторыі нашай сям’і, бо дакументаў з таго часу захавалася вельмі мала. Падчас падпісання уніі Крысцін Осцік атрымаў герб “Трубы”. Гэта – наш прашчур, звесткі пра якога пацверджаныя дакументальна – подпісам пад атрыманнем герба. Сына Осціка звалі Радзівіл, сына Радзівіла – Мікалай Радзівілавіч (Мікалай Стары), а ўжо ягоныя дзеці мелі прозвішча Радзівіл”.
29 верасня ў польскім Замасці (гэта бліжэйшы вялікі горад ад Гародла) адбылася навуковая канферэнцыя.
У цэнтры Замасця былі вывешаныя расцяжкі – у тым ліку і на беларускай мове.
Мацей Радзівіл: “Там былі гісторыкі не толькі з Польшчы, але таксама з Літвы, Беларусі, Украіны і нават Англіі. Было больш за 20 дакладаў, якія павінны выйсці асобнай кніжкай. У нядзелю мы паехалі ў саму Гародлю – сёння гэта маленькая вёска непадалаёк ад украінскай і беларускай межаў.Там была імша ў касцёле, а таксама адкрыццё манумента ў гонар 600-годдзя Гарадзельскай уніі. Было шмат людзей, было вялікае свята”.
Удзельнікі канферэнцыі
Злева направа: Міхал Неміровіч-Шчыт, Мацей Радзівіл, Альгерд Мяйстовіч, Мікалай Радзівіл – нашчадкі тых, хто 600 гадоў таму атрымаў гербы на Гарадзельскай уніі.
Памятны медаль 600-годдзя уніі
Сёлета Радзівілы адзначаюць і не менш значную дату – 500 гадоў сваёй прысутнасці ў Нясвіжы.
Мацей Радзівіл: “У 1513 годзе Ян Радзівіл ажаніўся з Ганай Кішкай. Для мяне гэта сімвалічная дата, калі Радзівілы атрымалі Нясвіж. Гэтую дату Радзівілы шануюць даўно. 100 год таму нават выйшаў памятны медаль – “400 год Радзівілаў у Нясвіжы”. Ёсць дата 1523, калі сям’я Кішкаў і вялікі князь пацвердзілі атрыманне Радзівіламі Нясвіжа. Некаторыя вядуць адлік ад яе. Але дата 1513 – сімвалічная для нашай сям’і”.
Святкаванне 600-годдзя уніі ў Замасці і Гародле
Сучасныя Радзівілы таксама, паводле традыцыі, выпусцілі памятны медаль. На адным баку даты 1513-2013 – 500 гадоў Радзівілам у Нясвіжы, а таксама выява абраза з замкавай капліцы Маці Божай з Ларэта. На адваротным баку – даты 1413-2013 – 600 гадоў, як сям’я Радзівілаў атрымала герб “Трубы” на Гарадзельскай уніі.
У Гародле быў адкрыты памятны знак 600-годдзю уніі.
Урачыстая імша ў касцёле
На вуліцах Замасця былі ўсталяваныя інфармацыйныя стэнды.
Фота забяспечаны сям’ёй Радзівілаў.