Германія купіць у ЗША для Украіны тры ўстаноўкі HIMARS
Рэактыўная сістэма залпавага агню HIMARS
Германія закупіць у ЗША тры рэактыўныя сістэмы залпавага агню HIMARS і перадасць іх Кіеву. Пра гэта заявіў кіраўнік нямецкага Мінабароны Барыс Пісторыус пасля перамоваў з амерыканскім калегам Лойдам Осцінам у Вашынгтоне. Ракетныя ўстаноўкі паступяць з запасаў узброеных сіл ЗША "і будуць аплачвацца намі", цытуе словы Пісторыуса Deutsche Welle.
У ЗША Пісторыус наведаў абаронную кампанію Raytheon, дзе вырабляюць у тым ліку зенітна-ракетныя комплексы Patriot і Stinger. Агенцтва AFP піша, што падчас сустрэч на прадпрыемстве ішла размова пра тое, як паскорыць пастаўкі ваеннай прадукцыі. Раней, у пачатку свайго чатырохдзённага візіту ў ЗША і Канаду, Пісторыус выказваўся аб неабходнасці падтрымліваць Украіну.
"Пуцін не павінен дасягнуць поспеху ў сваёй жорсткай агрэсіўнай вайне. Вырашаецца пытанне аб тым, ці здольныя дэмакратыі абараніць сябе. Гэта найважнейшая стратэгічная задача Еўропы, вайна Пуціна — найвялікшая пагроза для сусветнага парадку", — заявіў ён у выступе перад прадстаўнікамі амерыканскага яўрэйскага камітэта ў Нью-Ёрку. Сёння кіраўніка абароннага ведамства Германіі чакаюць у Канадзе, запланаваная яго сустрэча з канадскім калегам Білам Блэрам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.