Герояў паўстання Каліноўскага перапахаваюць у Вільні без дэлегацыі з Беларусі
На віленскіх могілках "Роса" адбудзецца перапахаванне парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага, выяўленых на Замкавай гары ў Вільні. Пра такое рашэнне літоўскай урадавай камісіі паведамляе Радыё "Свабода".
Урачыстая цырымонія пройдзе ў ліпені або жніўні 2019 года з удзелам прадстаўнікоў польскага боку і будзе мець рэлігійны характар. Віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс адзначыў, што для Польшчы гэта вельмі важная падзея.
Па яго словах, ва ўрачыстасці мог бы прыняць удзел і беларускі бок, але пакуль што афіцыйны Мінск не цікавіўся знойдзенымі парэшткамі.
Вядома, што ў 1863-64 гадах на Лукішскай плошчы ў Вільні былі пакараныя смерцю 21 лідар і ўдзельнік паўстання Каліноўскага. На Замкавай гары дагэтуль былі выяўленыя парэшткі 17 з іх. 13 целаў ужо ўдалося ідэнтыфікаваць. У прыватнасці, навукоўцы перакананыя, што знайшлі парэшткі Зыгмунта Серакоўскага — аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Кастуся Каліноўскага.
Парэшткі самога Каліноўскага пакуль да канца не ідэнтыфікаваныя. Як заявіў прарэктар Віленскага ўніверсітэта, прафесар медфакультэта Рымантас Янкаўскас, "ёсць рэальны кандыдат, але пакуль нельга на 100% сказаць, што гэта парэшткі Каліноўскага".