"Гэта сістэма радыяцыйнай бяспекі. І там цячэ дах": што не так з БелАЭС

Беларуская АЭС / Еўрарадыё
Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Беларуская АЭС працуе з тысячамі недахопаў, якія знайшло ў тым ліку МНС. Ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі да пажарнай і радыяцыйнай бяспекі станцыі.

Дакументы са звесткамі пра недапрацоўкі былі злітыя ў сеціва. На іх аснове "Б*лсат" выпусціў сваё расследаванне. Расказваем самае галоўнае з яго.

Усяго гаворыцца пра 18 тысяч дэфектаў, якія датычацца першага энергаблока. З іх у пачатку снежня не было ліквідавана каля 3 тысяч. Сярод заўваг ёсць зусім нязначныя. Напрыклад, перагарэлыя лямпачкі. Аднак сур'ёзных недахопаў таксама шмат.
 

Дзіравы дах у сістэме бяспекі

Эксперты адзначаюць, што ў будынку, які прымыкае да рэактара, працякае дах. Гэта будынак паравой камеры. Будынак патрэбны для абсталявання і трубаправодаў сістэмы абароны парагенератараў ад залішняга ціску, адзначае Дзяржатамнагляд.

Калі нешта здараецца з парагенератарам — такія аварыі не выключаныя, — то змесціва рэактара, першага радыеактыўнага контуру, проста выплёўваецца ў турбінны будынак. І гэтая паравая камера ёсць свайго роду шлюз на выпадак праблем. Увогуле кажучы, гэта сістэма, звязаная з радыяцыйнай бяспекай. І там працякае дах, — кажа фізік-ядзершчык, антыатамны актывіст Андрэй Ажароўскі.

Дах там плануюць рамантаваць да канца зімы.

“Это система радиационной безопасности. И там течёт крыша”: что не так с БелАЭС
Па БелАЭС шмат пытанняў з пачатку будаўніцтва / Еўрарадыё

У выцеклых звестках ёсць заўвагі МНС па сістэме пажаратушэння паравой камеры.

Сістэма пажаратушэння канкрэтна ў гэтым будынку проста непрацаздольная. Не проста не адпавядае праекту, а непрацаздольная, — працягвае Ажароўскі.
 

Абсталяванне для абароны нават не закупленае

Гаворыцца і пра недапрацоўку сістэмы вадзянога пажаратушэння ў будынку самога рэактара.

Па пададзенай інфармацыі, некаторыя кампаненты гэтай сістэмы не толькі не ўсталяваныя, але нават яшчэ не закупленыя. У Літве ці іншай краіне Еўрапейскага саюза ў выпадку выяўлення такой неадпаведнасці патрабаванням пажарнай бяспекі не было б дазволу на эксплуатацыю ядзернага аб'екта, — падкрэслівае начальнік аддзела аналізу бяспекі Дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы атамнай энергетыкі Літвы Эвалдас Кімціс.

Больш за 60 заўваг знайшлося адносна рэзервовай дызельнай электрастанцыі. Не выпрабаваная сістэма кіравання, не працуюць вымяральныя прыборы.

Дызельгенератары сістэмы аварыйнага забеспячэння ў першую чаргу падтрымліваюць сістэму бяспекі. Сістэму, якая гарантуе бяспечны стан энергаблока пры страце сілкавання ад знешняй электрасеткі. У тым ліку ў выпадку інцыдэнтаў або аварый. Або пры знешніх уздзеяннях прыроднага і тэхнагеннага характару. Напрыклад, сейсмічнага ўздзеяння або падзення самалёта, — кажа Эвалдас Кімціс.

Апытаныя эксперты перакананыя, што з такімі дэфектамі пераводзіць энергаблок з доследна-прамысловай эксплуатацыі ў прамысловую эксплуатацыю недапушчальна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі