Гэтая беларуска адна выйшла на пратэст супраць вайны. Цяпер ёй патрэбна дапамога

Ксенія Каменка / @rubanau_collage
На трэці дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне Ксенія Каменка выйшла на адзіночны пратэст. Ёй было ўсяго 22 гады. Дзяўчына тры дні без перыпынку чытала навіны, адказвала на паведамленні кіеўскіх сяброў.
У яе не было магчымасці дапамагчы людзям, якія прачнуліся пад бамбёжкамі. І яна зрабіла адзінае, што магла — выйшла на адзіночны пікет з лісточкам А4, на якім было напісана "Не вайне ва Украіне!".
"Я ўзяла плакат, выйшла ў цэнтр горада і ўстала пасярэдзіне плошчы ў Гродне", — расказвае нам Ксенія.
Некалькі хвілін з гэтым антываенным аркушам у руках каштавалі ёй некалькіх сутак у халодным ізалятары. Ксенія кажа, што ні да, ні пасля — ніколі ў жыцці ёй не было так холадна. Ад холаду не атрымлівалася заснуць, а калі яна ўсё ж правальвалася ў сон, ёй сніўся тата. Здавалася, што ні ў якім яна не ізалятары, а дома, з сям'ёй.
"Мы ў камеры з іншымі затрыманымі дзяўчатамі вырашылі, што ляжам разам на адзін ложак, каб сагрэцца, і як былі — у паліто, у абутку, — так і леглі. Але я не змагла заснуць, мне здаецца, псіхіка спрабавала мяне абараніць. Я заплюшчвала вочы, і ў галаве праносілася, быццам я дома. Быццам цяпер я адкрыю вочы, і мяне абудзіць тата", — расказвае дзяўчына.
Бацька Ксеніі памёр у 2024 годзе, калі яна ўжо жыла ў Польшчы. Годам раней не стала іншага блізкага чалавека — хроснага бацькі. Самыя складаныя дні для дзяўчыны — калядныя святы. Усе сустракаюць іх з сям'ёй, а ў Ксеніі ў Варшаве няма сям'і.
Крыху больш за год таму Ксенія сутыкнулася з падазрэннем на рак грудзей. Страшны дыягназ не пацвердзіўся, але цяпер дзяўчыне трэба рэгулярна праходзіць дарагія абследаванні. Калі вы хочаце і можаце дапамагчы ёй і знаходзіцеся за межамі Беларусі, то можаце падтрымаць Ксенію праз платформу BySol. Або звярнуўшыся наўпрост у рэдакцыю Еўрарадыё — мы дапаможам Вам звязацца з гераіняй гэтага відэа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.