Гісторыя пра ліст з Мінска ў Мінск, які ішоў шэсць гадоў
Месяц таму журналістка Святлана Калінкіна на сваёй старонцы ў Фэйсбуку дзеліцца літаральна "кіношнай" гісторыяй:
"... Аднойчы адкрываю паштовую скрыню і дастаю ліст, які прыйшоў на імя сына. Адпраўнік — не міліцыя, не ваенкамат, не банк, а мілае жаночае імя, выведзенае акуратным почыркам... Дзіця маё глянула на канверт і вельмі здзівілася. Таму што, як аказалася, ліст — ад дзяўчыны, з якой сын даўно расстаўся, і не схільнай ні да якіх такіх сентыментаў.
Калі прачытаў, здзівіўся яшчэ больш. Толькі і сказаў: "Дзіўна! Мы з ёй, нібыта, усё даўно высветлілі. Нічога не разумею. Мабыць, у яе нешта здарылася...". Хлопчык мой — добры і адказны, таму вырашыў пацікавіцца, што ж здарылася.... Аказваецца, ніхто ніякіх лістоў яму не пісаў. Дакладней, пісаў, але вельмі даўно. І тады, даўно, адказу не атрымаў, і ніякай рэакцыі не дачакаўся, і пакрыўдзіўся. Справа ў тым, што ліст да майго сына ішоў... шэсць гадоў. І штэмпелі на канвертах, і марка, датаваная менавіта 2010 годам, між іншым, гэта пацвярджаюць".
У якасці доказу Святлана прыкладвае фота ліста сапраўды з двума штэмпелямі, датаванымі 2010 і 2016-м гадамі. А ў каментарыі Еўрарадыё кажа, што яе ў гэтай гісторыі здзіўляе толькі адно: як за гэты час ліст не згубіўся.
З пытаннем дзе мог знаходзіцца ліст цягам гэтых шасці гадоў, мы звярнуліся да "Белпошты".
У адказ "Белпошта" дасылае Еўрарадыё ліст з мноствам літар, з якога вынікае, што пошта тут ні пры чым. Маўляў, ліст нехта адмыслова ці выпадкова двойчы кідаў у скрыню, пра што сведчаць штэмпелі на канверце, пастаўленыя ў розных аддзяленнях сувязі. Правесці больш дэтальную праверку сітуацыі немагчыма, бо гэта просты ліст, а не заказны.
У размове з Еўрарадыё намеснік начальніка вытворчасці "Мінская пошта" Алена Пракапеня тлумачыць, што праляжаць шэсць гадоў у будынку паштовага аддзялення ліст не мог: маўляў, змяняюцца людзі, робяцца рамонты, існуюць асобныя памяшканні для лістоў. Ды і штэмпелі, пастаўленыя ў розных паштовых аддзяленнях Мінска — таксама доказ гэтага:
"У 10-м годзе ён праходзіў. Тады ў нас былі іншыя тэхнічныя сродкі: цяпер мы карыстаемся тэхнічна-сартыровачным абсталяваннем. Таму мы адрозненне заўважылі. А цяпер, відаць, нехта апусціў гэты ж канверт у паштовую скрыню, а нашы маладыя супрацоўнікі не адсачылі. Магчыма, эксперымент нехта праводзіў. Прычым, ліст быў адпраўлены ў розны час з абсалютна розных пунктаў — там бачна па штампіках. Да таго ж, на канверце са зваротнага боку ёсць такія светла аранжавыя палоскі. Гэта электронны водціск нашай лістасартыровачнай машыны, па якім можна расшыфраваць, калі гэты ліст быў прыняты ў апрацоўку. Цяжка высветліць, што было ў 2010 годзе, і чаму ліст не дайшоў да адрасату. Але ліст сапраўды паўторна прайшоў праз нашу сетку".
Што здарылася з лістом. адпраўленым сыну Святланы Калінкінай, так і застаецца загадкай. Магчыма, ён выпадкова патрапіў у суседскую паштовую скрыню і знайшоўся ў макулатуры былога суседа, які пераехаў у іншы раён і вырашыў усё ж, што лісту адрасат будзе рады. Магчыма, ён быў скрадзены трэцяй асобай з-за рэўнасці, а цяпер, паколькі гісторыя стала неактуальнай, трэцяя асоба вырашыла яго аправіць па адрасе. У любым выпадку, атрымліваецца, што ў падобную гісторыю можа патрапіць любы "просты" ліст, апушчаны ў паштовую скрыню.
Па словах Алены Пракапені, калі скрыня зламаная ці адсутнічае, ліст захоўваецца ў паштовым аддзяленні цягам 30 дзён. Затым яго адпраўляюць па зваротным адрасе. Калі ж зваротны адрас на канверце не пазначаны, ён здаецца на захоўванне ў адмысловае сховішча і знаходзіцца там паўгода. Калі за гэты час не з'яўляецца адпраўшчык ліста ці той, хто мусіў яго атрымаць, ліст знішчаецца. То бок, у нейкім сэнсе лісту Калінкіных пашанцавала.