Гомельская пракуратура праверыла дзіцячыя лагеры і знайшла парушэнні
У шэрагу лагераў былі праблемы з гульнявымі пляцоўкамі і спартыўным інвентаром / иллюстративное фото pixabay.com
Гомельская пракуратура выявіла парушэнні падчас праверкі дзіцячых лагераў рэгіёна. У вобласці працуе 10 аздараўленчых лагераў. За першую змену ў іх адпачыла больш за 2 тысячы дзяцей.
Пракуроры кажуць, што ў цэлым створаныя "належныя ўмовы" для адпачынку дзяцей. Але некаторыя парушэнні ўсё ж ёсць. Так, у адным з лагераў "дзіцячыя пляцоўкі эксплуатаваліся з пашкоджаным гульнявым абсталяваннем і частковай адсутнасцю канструктыўных элементаў". Акрамя таго, тэрыторыю лагера тут не прыбіралі, затое дзеці маглі бесперашкодна трапіць на сметнік буйнагабарытных адходаў лому і будматэрыялаў.
У іншых лагерах пракуроры знайшлі гульнявыя пакоі без спартыўнага абсталявання і інвентару. Былі пытанні і да санвузлоў. Там не было пліткі. Больш за тое, самі сцены не былі добра прафарбаваныя: "не мелі гладкай паверхні, якая дазволіла б правесці вільготную ўборку і дэзінфекцыю". У яшчэ адным лагеры гародніна, якой кармілі дзяцей, захоўвалася ў брудным складскім памяшканні. Бруднымі былі падваконнікі і паліцы. А сама гародніна захоўвалася пры пакаёвай тэмпературы. Хоць па нормах тэмпература захоўвання мусіць быць ад +1ºС да +4ºС.
У двух лагерах дзеці маглі бесперашкодна выходзіць з лагера — на ўваходзе не было кантролю. У выніку ў адным з іх выхавальнікі ўжо шукалі дзяцей, якія самавольна пайшлі гуляць за тэрыторыю лагера.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.