Гомельскі блогер, які падпаліў сябе: Бацькі, напэўна, ніколі мяне не зразумеюць

Гомельскі блогер, які падпаліў сябе: Бацькі, напэўна, ніколі мяне не зразумеюць

Блогер з Гомеля Ігар Кіржанаў падпаліў сябе, а пасля скокнуў у фантан. Яго сябры ўсё запісалі на відэа і выклалі на Youtube, і цяпер хлопцам цікавіцца міліцыя.

Заходзім на канал да Ігара. Вось ён гуляе напаўаголеным па Гомелі, а вось, паспрачаўшыся з сябрам, апускае галаву ва ўнітаз. Навошта гэта ўсё выпускніку 2017 года з не самым дрэнным балам у атэстаце? Чаму ён хоча "весяліць і здзіўляць людзей" больш, чым працягваць вучыцца?

Еўрарадыё датэлефанавалася да хлопца, калі ён запісваў новы ролік.

Еўрарадыё: Чаму наогул вырашыў гэтым заняцца?

Ігар Кіржанаў: Калі я яшчэ не займаўся Youtube і нічога такога не глядзеў, я пастаянна паводзіў сябе неяк неадэкватна, я прыдурваўся. Пасля гэта стала нарастаць і, у пэўны момант, я падумаў: а чаму б не здымаць нейкія свае дурыкі на відэа. У школе, праўда, мяне да дырэктара не выклікалі. Але казалі, што я падаю дурны прыклад людзям. Але ж усе мае ролікі носяць забаўляльны характар. Я нікога не заклікаю гэта паўтараць.

Еўрарадыё: Куды збіраешся паступаць пасля школы?

Ігар Кіржанаў: Цяпер я яшчэ не зразумеў, куды хачу паступаць. Школу скончыў. Блог займае шмат часу, таксама я часам малюю. У школе я сярэдне вучыўся, сярэдні бал крыху больш за 6. Нейкіх любімых прадметаў не было.

Еўрарадыё: Як твая дзяўчына ставіцца да таго, што ты робіш?

Ігар Кіржанаў: Я не люблю на гэтую тэму размаўляць, не лічу патрэбным адказваць на гэта.

Еўрарадыё: Калі чытаеш каменты да роліка, не крыўдна?

Ігар Кіржанаў: Ну, калі ў чалавека няма смеласці на нейкі ўчынак, ён увесь час будзе “апускаць” іншых. Я не рэагую на негатыўныя каментары, бо, калі гэта рабіць, адразу можна апусціць рукі.

Еўрарадыё: Маеш куміра сярод блогераў?

Ігар Кіржанаў: На першым месцы Андрэй Мартыненка , ён таксама дамагаўся папулярнасці правакацыйнымі выхадкамі. Але я больш люблю шакаваць і здзіўляць людзей. Бо ў гэтым жанры мне найбольш камфортна працаваць.

Еўрарадыё: Калі ты здымаеш свае ролікі (напрыклад, той, дзе ходзіш напаўаголеным), не баішся праблем з міліцыяй?

Ігар Кіржанаў: З міліцыяй не было праблем і не хочацца, каб яны былі. Я ж не парушаю груба закон. Але, па большай частцы, людзі ўсміхаюцца, калі мяне бачаць падчас маіх выхадак. Не думаю, што за гэта будуць жорстка караць. Я не кажу, што ўсё раблю правільна, але да гэтага трэба прасцей ставіцца. У нас і так грамадства кансерватыўнае. Гэта ж такі сродак разнастаіць жыццё. Лепш так рабіць, чым піць па пад’ездах ці наркотыкі ўжываць.

Еўрарадыё: Не апёкся, калі сябе падпальваў?

Ігар Кіржанаў: Я заўжды ўсё разлічваю. Ёсць, канешне, пагрэшнасць 1-2%. Але я разлічыў час і адлегласць. На мне была не адна вопратка. Нейкая была сухая, нейкая — вільготная. Так што я не пацярпеў зусім.

Еўрарадыё: Бацькі ведаюць, чым ты займаешся?

Ігар Кіржанаў: Мне падаецца, маме будзе за мяне сорамна. Бо які нармальны дзіцёнак будзе сябе падпальваць? Але я ўжо казаў пра кансерватыўнасць, не ўсе нас зразумеюць. Бацькі, напэўна, ніколі не будуць мяне разумець і такіх як я.

Свой новы ролік Ігар Кіржанаў збіраецца запусціць ужо сёння. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі