Грае на гітары, чытае лекцыі зняволеным: Аляксандр Кныровіч ужо год у калоніі
Аляксандр Кныровіч у судзе / TUT.by
Год таму суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў бізнесмена Аляксандра Кныровіча да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. У віну яму паставілі ўхіленне ад выплаты падаткаў і дачу хабару ў буйным памеры. Пазней Вярхоўны Суд разгледзеў апеляцыйную скаргу і скараціў тэрмін пакарання да пяці гадоў. Да суда Кныровіч больш за год правёў у СІЗА, а значыць, за кратамі яму засталося правесці яшчэ каля 2,5 года. Цяпер ён адбывае пакаранне ў ПК-3 "Віцьба".
У Аляксандра Кныровіча была рэпутацыя аднаго з самых адкрытых і медыйных бізнесменаў Беларусі. Ён інвеставаў у стартапы, выступаў на канферэнцыях, пісаў калонкі ў СМІ, каментаваў сітуацыю ў эканоміцы, даваў шмат інтэрв'ю. Папулярнасць згуляла з Аляксандрам злы жарт: на шум вакол яго справы звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "На іх кляйма ставіць няма дзе. І паблажкі ім не будзе ніякай", — сказаў кіраўнік Беларусі аб затрыманых супрацоўніках холдынга "Сармат", якім кіраваў Кныровіч.
Як сябе адчувае прадпрымальнік пасля года ў няволі? Чым ён займаецца ў зняволенні? Што за год адбылося з яго бізнесам? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказвае бацька бізнесмена Станіслаў Кныровіч, які пасля затрымання Аляксандра Кныровіча ўзяў на сябе кіраванне прадпрыемствамі.
Грае на гітары, бегае па стадыёне
Аляксандр Кныровіч піша бацьку ў асноўным па справах бізнесу, а наконт бытавых і эмацыянальных рэчаў мае зносіны пераважна з мамай.
— Лісты, тэлефонныя размовы пачынаем і заканчваем так: перажывём. Ёсць у польскай мове прымаўка: "Паляк пару гадоў і на штыку працягне". Калі ён тут вытрымаў, то ён і там вытрымае.
Літаральна нядаўна даслаў ліст, што быў нейкі канцэрт і з 11 нумароў 5 выконваў ён. Ён на гітары нядрэнна грае. Больш-менш ужо адаптаваўся. Яшчэ для зняволеных чытае лекцыі па эканоміцы. Не ведаю, як гэта прасоўваецца зараз, але раней дакладна чытаў. Таксама ён працаваў над дапаможнікам для адаптацыі зняволеных на волі. Спортам займаецца, у іх там ёсць стадыён, бегае два кіламетры ў дзень.
Саша працуе на вытворчасці, але дакладна не ведаю, кім менавіта. У гэтай калоніі быццам бы займаюцца дрэваапрацоўкай.
Калі прыйшоў апошні ліст Галіне Віктараўне, яна засумнявалася, што ў Сашы ўсё так весела і радасна, як ён напісаў. Калі чытаць гэты ліст і не ведаць, дзе ён знаходзіцца, то можна было падумаць, што чалавек піша з курорта. Я яе супакойваў, маўляў, калі ў чалавека ёсць сіла волі супакойваць іншага, значыць, усё не так дрэнна.
Холдынга "Сармат" больш няма
У холдынг "Сармат" уваходзіла тры вытворчыя прадпрыемствы: "СарматТэрма-Інжынірынг" у Смалявічах, завод "Радэкс" і яшчэ адзін завод у Капылі. Абарот холдынга за год дасягаў $58 млн. На ўсіх прадпрыемствах у суме працавала 650 чалавек.
Крымінальная справа супраць Аляксандра Кныровіча датычылася толькі прадпрыемствы "СТІ" і яго даччынай піцерскай кампаніі "СТІ-Трэйдынг", якую следства палічыла ілжэпрадпрымальніцкай структурай, створанай для ўхілення ад выплаты падаткаў. Нягледзячы на гэта, пацярпелі ўсе прадпрыемствы, якія ўваходзілі ў холдынг Кныровіча. На дадзены момант "СарматТэрмо-Інжынірынг" і капыльскі завод па вытворчасці сухіх будаўнічых сумесяў прызнаныя банкрутамі і прадаюцца. Толькі заводу "Радэкс" удалося сяк-так выжыць.
— Холдынга "Сармат" больш няма, — канстатуе Станіслаў Кныровіч. — Калі мы сустрэліся з юрыстам [на наступны дзень пасля затрымання Аляксандра Кныровіча і яго калег], ён сказаў, што цяпер вам усім крышка. Не таму, што прэзідэнт па тэлевізары выступіў, а толькі па эканамічных прычынах.
Што сёння робіцца на "СТІ" ў Смалявічах? Прадпрыемства абвешчана банкрутам. Там вельмі адукаваны знешні [антыкрызісны] кіраўнік Андрэй Дзегцяроў. Калектыў, які там застаўся, падтрымлівае завод у працоўным стане. Хлопцы там ганяюць па крузе сыравіну, кампаненты, каб яны не застойваліся.
Якім стала жыццё без сына
— Увогуле, майго прыватнага жыцця не стала. Хочацца і з унукам пабыць, але ў мяне часам проста няма часу. Да канца дня прыходзіш ніякі. Учора [2 ліпеня] у нас быў пераезд цэлы дзень. Мы з аднаго офіса перамясціліся ў іншы. А ў асноўным дні праходзяць у зносінах з суддзямі, адвакатамі, падатковай і гэтак далей. Дадому прыходзіш без сіл. А што зробіш? Нічога не зробіш.
Самая лепшая падтрымка майго сына будзе ў тым, калі я захаваю хаця б нешта. У мяне шмат хто пытаецца: "Што ты тут робіш? Астатнія ўсе сышлі, чаму ты застаўся? Ты ж не заснавальнік, не ўласнік "Радэкса". Ніхто". Вось так вось ніхто і не застаўся. А гэта [зняволенне Аляксандра. — Еўрарадыё] ж рана ці позна скончыцца. Можа быць, атрымаецца неяк скараціць тэрмін. Гэта ж нават для яго падтрымка, што нават у такіх умовах можна змагацца.
Пра іск Беларусбанка і доўг, выстаўлены ў судзе
— Адзін з Сашавых крэдытораў — Беларусбанк. У пачатку траўня ён патэлефанаваў мне з калоніі і сказаў, што 11 чысла будзе пасяджэнне суда па іску Беларусбанка да яго і Валодзі Дашкевіча [яшчэ аднаго фігуранта "справы Кныровіча". — Еўрарадыё]. Я прысутнічаў толькі на апошнім пасяджэнні, да гэтага было яшчэ тры. А гэтыя людзі, іск якім прад'явіў Беларусбанк, нават адказаць не могуць! Гэта значыць, гутарылі прадстаўнік банка і суддзя. Крэдыт Беларусбанк даў у канцы лістапада 2017 года, а бярэцца ён на тэрмін ад 3 да 5 гадоў. Але чамусьці спагнанне запазычанасці па крэдыце банк хацеў пачаць ужо праз 4 месяцы. Разумееце, людзі сядзяць, іх рахункі арыштаваныя. Як яны могуць гарантаваць вяртанне па крэдыце?
"СТІ" рэгулярна патрабуе перагледзець акт Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК. Чаму? Таму што суды не разглядалі сумы, не правяралі правільнасць сум з абвінавачання, таму што ў іх функцыі гэта не ўваходзіць. Нашы адвакаты праз эканамічны суд настойваюць на тым, каб перагледзелі сумы. Ніхто не кажа, што мы белыя і чыстыя. Той доўг, які выявіла падатковая інспекцыя Смалявіцкага раёна [70 тысяч рублёў. — Еўрарадыё], яго ніхто не аспрэчвае.
Кіраўніцтву "СТІ" былі прад'яўленыя абвінавачанні разам з усімі паперамі праз год, у лютым 2018 года. Гаворка ідзе пра тое, што ў следства не было да гэтага нічога. Проста трэба было арыштаваць, а потым ужо шукаць.
Аляксандр Кныровіч і чацвёра яго калег — Ігар Максімаў, Андрэй Кускоў, Яўген Папоўскі і Уладзімір Дашкевіч — былі затрыманыя ў студзені 2017 года. Суд над імі пачаўся 18 красавіка 2018 года і доўжыўся да 4 ліпеня. Былога дырэктара "СарматТэрма-Інжынірынг" Уладзіміра Дашкевіча з-за праблем са здароўем судзілі асобна
Кныровіча абвінавачвалі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры і дачы хабару, Папоўскага — у хабары, Максімава і Кускова — у дапамаганні ўхіленню ад падаткаў. Усе яны атрымалі розныя тэрміны зняволення — ад трох да шасці гадоў.