Графіціст, які "падкарэктаваў" графіці "Мінск-Масква", не будзе яго "выпраўляць"
На скандальным графіці "Мінск-Масква" па-ранейшаму красуецца калючы дрот, дамаляваны невядомым вулічным мастаком 23 кастрычніка.
"Цяпер малюнак набыў сэнс", — так абгрунтаваў "карэкцыю" прапагандысцкага мурала стрыт-артар.
Пры гэтым Мінгарвыканкам, які асудзіў дзеянні графіціста, прапанаваў яму цягам тыдня "выправіць малюнак самастойна", у іншым выпадку прыгразіў творцу судом. Аднак мастак замалёўваць сваю працу не збіраецца:
"Не збіраюся і не баюся ніякага суду. Бо гэта будзе цырк. Сам малюнак — гэта вандалізм. Дрот на ім, як лічаць улады, — таксама вандалізм. А караць за вандалізм вандалізму смешна".
Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі кажа, што Мінгарвыканкам не звяртаўся да іх з просьбай правесці праверку па справе "ўмяшання ва ўжо створаную працу". У прэс-службе Мінгарвыканкама абяцаюць распавесці пра далейшыя дзеянні з гэтай нагоды ў найбліжэйшы час.