Грамадзян РБ хочуць прымусіць заяўляць аб другім грамадзянстве

Карта паляка / фота з сацсетак
Карта паляка / фота з сацсетак

МУС прапануе абавязаць грамадзян Беларусі заяўляць аб набыцці імі іншага грамадзянства або "дакументах, якія даюць прывілеі". Норму могуць замацаваць у законе аб грамадзянстве. Праект змяненняў прадставіў у Аляксандра Лукашэнкі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, паведамляе БЕЛТА. Сёння ў Лукашэнкі абмяркоўваюць пытанні ўдасканалення заканадаўства аб грамадзянстве і магчымую амністыю.

Калі змены ў закон будуць ухваленыя, то грамадзяне абавязаныя будуць інфармаваць кампетэнтныя органы ў тым ліку аб атрыманні "карты паляка". Такая інфармацыя, паводле слоў міністра, будзе карысная, да прыкладу, "пры прыёме на дзяржаўную службу"

Лукашэнка на нарадзе таксама казаў пра "карту паляка". Ён лічыць, што трэба сфармуляваць патрабаванні да беларусаў-трымальнікаў такіх карт. "Нам трэба разабрацца: ці яны грамадзяне Беларусі, ці яны проста аблудныя, проста ўзялі гэтую карту нібыта выпадкова, ці ў іх іншая "арыентацыя", — заявіў Лукашэнка. Акрамя таго, ён зноў падняў пытанне пра пазбаўленне грамадзянства тых, хто выступіў супраць яго рэжыму і цяпер вымушана жыве за мяжой. Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць, як гэтая норма можа адлюстравацца ў абноўленым законе аб грамадзянстве.  

Што тычыцца амністыі, то яе могуць прымеркаваць да 17 верасня. Сярод амніставаных могуць быць і асуджаныя паводле палітычных артыкулаў. "Калі гэтыя людзі пакаяліся, сталі на шлях выпраўлення, цалкам загладзілі сваю віну, да іх можна праявіць літасць", — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, адным з асноўных патрабаванняў заходніх краін да рэжыму Лукашэнкі было і застаецца вызваленне палітвязняў. Паводле ацэнак праваабаронцаў, за свае палітычныя погляды за кратамі ў Беларусі станам на 6 верасня знаходзяцца 1323 чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі