Грамадзяніна Ізраіля не пусцілі ў Беларусь: "Хто цябе сюды клікаў?"

Дзмітрыю не патлумачылі, як доўга нельга будзе прыехаць на радзіму

Дзмітрыю не патлумачылі, як доўга нельга будзе прыехаць на радзіму / svaboda.org

Грамадзяніна Ізраіля не пусцілі ў Беларусь. Як паведамляе Радыё Свабода, у студзені Дзмітрый (прозвішча ён прасіў не называць) прыляцеў, каб наведаць родных. Але ў мінскім аэрапорце яго "завярнулі назад" праз падпіску на "забаронены канал".

Мужчына паходзіць з Беларусі, але ўжо каля 30 гадоў жыве ў Ізраілі, мае грамадзянства гэтай краіны. Летась пасля нападу на Ізраіль тэрарыстаў ХАМАС яго дачка з малымі дзецьмі паехала да сваякоў у Беларусь ("каб перабыць там небяспечны час"). А 16 студзеня 2024-га ў РБ праз Грузію прыляцеў і сам Дзмітрый з жонкай.

Пасля размовы ў аэрапорце жонку ізраільцяніа памежнікі прапусцілі, а да яго ўзніклі пытанні ад "чалавека ў цывільнай вопратцы". Ён мяркуе, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Ён запатрабаваў для праверкі тэлефон, інакш пагражаў "адправіць назад". І ў выніку знайшоў падпіску на тг-канал, забаронены ў РБ. Дзмітрый кажа, што нічога пра такія забароны не ведаў.

Невядомы ў цывільным заявіў, што не мае права ўпусціць грамадзяніна Ізраіля ў Беларусь. У пашпарт паставілі пячатку: "Уезд забаронены", але пры гэтым не патлумачылі, як доўга нельга будзе прыехаць на радзіму (на штампе аб забароне гэта не пазначана).

"Грошы засталіся ў мяне, рэчы — у жонкі, — расказвае мужчына. — Я ледзьве дабіўся, каб дазволілі перадаць частку грошай жонцы, мне ж — рэчы ад яе. Потым мяне правялі ў нейкі пакойчык і сказалі чакаць, "да вас прыйдзе прадстаўнік". Чакаць размовы з іншым "чалавекам у цывільным" давялося некалькі гадзін. "Ён пачаў мне казаць: "Ды хто ты такі? Хто цябе сюды клікаў? Табе тут ніхто нічога не павінен, чаго ты сюды прыехаў?", — расказвае ізраільцянін. Ён палічыў за лепшае прамаўчаць.

Пасля прадстаўнікі "Белавія" прапанавалі заплаціць за квіток 100 долараў. "Прычым не больш, не менш, менавіта сто, — расказвае Дзмітрый. — Я зазначыў, што мяне мусяць дэпартаваць бясплатна. Але яны пачалі намякаць, што ў самалёце можа не быць месцаў. Таму я нарэшце пагадзіўся і заплаціў".

Ніякай квітанцыі ці квітка яму не далі, пашпарт жа аддалі толькі па прылёце ў Тбілісі. Па вяртанні ў Ізраіль мужчына вырашыў напісаць скаргі ў беларускія дзяржаўныя органы. У Дзмітрыя склалася ўражанне, што Беларусь — "недружалюбная краіна, тут не рады гасцям".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі