Гуманітарная місія, гандаль ці перамовы з рэжымам: як вызваліць палітвязняў?

Нобелеўскі лаўрэат, праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў / spring96.org
Нобелеўскі лаўрэат, праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў / spring96.org

У Беларусі цяпер амаль паўтары тысячы палітзняволеных. Некаторыя з асуджаных паводле палітычных артыкулаў, насуперак аптымістычным прагнозам, ужо паспелі цалкам адбыць пакаранне і выйсці на свабоду. А рашэння гэтай балючай праблемы дагэтуль няма: ні ў актывістаў, ні ў экспертаў, ні ў палітыкаў. 

Дык што рабіць, як дастаць людзей з турмы? Каардынацыйная рада ініцыявала дыскусію па гэтым пытанні. У ёй удзельнічалі Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета, Святлана Мацкевіч, актывістка аб’яднання сваякоў і былых палітзняволеных, і палітолаг Павел Усаў. Еўрарадыё пераказвае галоўныя думкі спікераў.

Дамагацца перамоў з рэжымам? 

На перамовах і пошуку кампрамісу настойвае Валерый Кавалеўскі, які займаецца ў Кабінеце замежнай палітыкай.

– Мы гатовыя да дыялогу, і частка гэтага дыялогу – вызваленне палітычных зняволеных, іх рэабілітацыя, поўнае аднаўленне ў правах, у іх магчымасцях удзельнічаць у палітычным працэсе ў Беларусі. На вялікі жаль, шматлікія спробы з нашага боку не знайшлі водгуку з боку рэжыму. Рэжым адмаўляецца ад любых прапаноў і жэстаў, і гэта адбываецца на працягу фактычна двух з паловай гадоў. Тым не менш, мы захоўваем гэтую пазіцыю, – кажа Кавалеўскі.

Пры гэтым палітык лічыць, што маніпуляванне санкцыямі ў гэтай справе – не надта паспяховы метад. Бо частка санкцый – гэта спроба Захаду абараніць сябе, напрыклад, пасля захопу самалёта Ryanair ці ў крызісе мігрантаў на мяжы. Да таго ж, ад самога Лукашэнкі няма ніякіх сігналаў, што ён гатовы вызваліць вязняў у абмен на адмену санкцый.

– Заходнія краіны не гатовыя да таго, каб здымаць санкцыі без канкрэтных крокаў з боку рэжыму, – дадае Валер Кавалеўскі.

Гуманітарная місія, гандаль ці перамовы з рэжымам: як вызваліць палітвязняў?
Валерый Кавалеўскі кажа, што перамовы – гэта выйсце / Еўрарадыё

У гэты ж час замежныя арганізацыі, якія маглі б быць ініцыятарамі ці пасярэднікамі ў перамовах, пакуль не ідуць на гэта. І ўвогуле часам неадэкватна ўспрымаюць беларускую рэальнасць. Апошні прыклад – запрашэнне Лукашэнкі на саміт ААН і словы рэгіянальнай дырэктаркі ў Мінску пра тое, што Беларусь дасягнула “надзвычайнага прагрэсу на розных франтах”.

– Нашы ініцятывы і захады не заўсёды падхопліваюцца нашымі партнёрамі. Мы гатовыя да дыялогу і да кампрамісаў. Мы не ў тупіку, мы працуем, і гэта даволі цяжка, – падсумоўвае Кавалеўскі.

Усё ж выкупляць палітзняволеных?

Палітолаг Павел Усаў лічыць, што гэта найверагоднейшы сцэнар. То бок, пры пэўных умовах да гэтага можна было б схіліць лукашэнкаўскі рэжым. 

Для перамоваў у Лукашэнкі цяпер няма матывацыі. І ў набліжаных да яго чыноўнікаў таксама. Яны кулуарна адмаўляюцца нават ад нефармальных дамоўленасцяў.

– Гаворка не вядзецца пра спыненне палітычных рэпрэсій, пра вызваленне ўсіх палітычных вязняў. Усе могуць быць вызваленыя толькі пры ўмовах, калі гэтага рэжыму існаваць не будзе. Такога гандлю палітычнымі зняволенымі, які быў пасля 2006, 2011 гадоў, ужо ў прынцыпе не будзе. Санкцыі – адзіны актыў, які цяпер ёсць, якім можна абменьвацца. Іншых рэсурсаў няма. Ніякага дыялогу не будзе, – лічыць Усаў.

На думку палітолага, прапанова абмену мусіць быць вельмі канкрэтнай. Рэжым наўрад ці пагодзіцца адкрыць краты ў камерах Бабарыкі, Калеснікавай, Статкевіча і Ціханоўскага. Але можна сфармаваць спіс людзей, якіх трэба вызваляць тэрмінова, па стане здароўя.

Гуманітарная місія, гандаль ці перамовы з рэжымам: як вызваліць палітвязняў?
Павел Усаў перакананы, што трэба метадычна працаваць над абменам палітзняволеных / Еўрарадыё

– Выпускаеш па спісе дзве, тры сотні людзей – тады мы адменім [санкцыі]. Калі ты працягваеш саджаць людзей, мы знову гэтыя санкцыі ўводзім. Гэты механізм павінен быць прапісаны, гэта як з абменам ваеннапалоннымі. Павінны быць трэці бок: або Чырвоны Крыж, або Арганізацыя аб’яднаных нацый. 

Я ўвогуле лічу, што калі Святлана Ціханоўская прымаецца на міжнародным узроўні як прадстаўніца беларускай нацыі, яна можа паехаць у ААН да генеральнага сакратара Гутэрыша і папрасіць яго паехаць у Мінск, сустрэцца з Лукашэнкам і абмеркаваць умовы вызвалення палітычных вязняў. Гэта самае простае і самае эфектыўнае, што можна цяпер зрабіць, – прапаноўвае Павал Вусаў.

Пры гэтым палітолаг адзначае, што апазіцыя павінна выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю. Каб не атрымлівалася, што на перамовах з заходнімі партнёрамі адны патрабуюць узмацніць санкцыі, а іншыя – адмяніць. І наступнае, што важна, – прызначыць канкрэтныя тэрміны для працы па вызваленні палітвязняў, каб не абмяркоўваць гэтае пытанне яшчэ некалькі гадоў, пакуль людзі страчваюць здароўе ў вязніцах.

А можа, час памяняць падыход?

Святлана Мацкевіч, былая жонка палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча і актывістка руху сваякоў і былых палітвязняў, апелюе да маралі. Яна заклікае спыніць перакідванне адказнасці за вызваленне людзей з хворай галавы на здаровую.

Гуманітарная місія, гандаль ці перамовы з рэжымам: як вызваліць палітвязняў?
Святлана Мацкевіч нагадвае, што за спрэчкамі пра метады губляецца сутнасць – вызваліць людзей / Еўрарадыё

– Ужо 2023 год, і колькасць палітвязняў расце. Трэба шукаць іншыя спосабы і сродкі для рашэння задачы. І не працягваць настойваць на тых ранейшых устаноўках, якія былі ў 20-м годзе. Я адчуваю няёмкасць, калі аўтаматычна мы пераадрасоўваем гэтае пытанне то рэжыму, то заходнім партнёрам, але толькі не сабе. Што для нас каштоўна, дзеля чаго мы пакутуем? Дзеля чаго ў турме пакутуе мой былы муж? – задаецца яна рытарычнымі пытаннямі.

Мацкевіч настойвае таксама на тым, што вызваленне палітвязняў павінна быць галоўнай тэмай, ад якой мусяць адштурхоўвацца палітыкі. На яе погляд, не варта ўпірацца рогам у нейкую палітычныю стратэгію, якая ўсё адно дагэтуль не паказала сябе эфектыўнай. Галоўнае – вызваліць людзей. Не важна, якім спосабам.

– Давайце адрасуем гэтае пытанне сабе: што мы не так робім? Што робяць не так нашы палітыкі, грамадзянскія ініцыятывы з гэтай нагоды? Мы дапамагаем, пішам лісты, імкнемся падтрымаць дух палітвязняў. Але, мусіць, гэтага не досыць. Пытанне не пра палітычны ўзровень, а пра гуманітарны. Захаванне і падтрыманне здароўя палітвязняў у турмах, атрыманне інфармацыі сваякамі, падтрыманне сваякоў… Гэтае пытанне цяпер павінна вырашацца, – кажа Мацкевіч.

На яе думку, тут як гуманітарная арганізацыя павінен падключыцца Чырвоны Крыж. 

– Мы не атрымліваем звестак аб стане здароўя Бабарыкі. Мы не маем дадзеных наконт Статкевіча, Марыі Калеснікавай. Мы ўвогуле шмат чаго не ведаем пра непублічных людзей. Трэба біць ва ўсе званы! У Чырвонага Крыжа патрабаваць хоць нейкага кантакту, выхаду, хаця б кантролю над станам палітвязняў. І рэжым гэтага сам не зробіць. І заходнія партнёры хутчэй за ўсё не пра гэта думаюць, – аргументуе Святлана Мацкевіч.

Але ж Чырвоны Крыж у Беларусі праўладны, пытанне палітвязняў арганізацыя ігнаруе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі