“У нас шмат спецыялістаў па вызваленні палітвязняў?” Скандал у КР

Аляксандр Кабанаў і Аляксандр Кныровіч — у эфіры “Еўрарадыё” пра скандал у Каардынацыйнай радзе / Euroradio
Аляксандр Кабанаў і Аляксандр Кныровіч — у эфіры “Еўрарадыё” пра скандал у Каардынацыйнай радзе / Euroradio

Камісіі па вызваленні палітвязняў, якую збіраліся стварыць пры Каардынацыйнай радзе, да гэтага часу няма. Чаму? Бо сябры Каардынацыйнай рады не могуць вызначыцца з працэдурай і старшынёй. Пра гэта сябры Каардынацыйнай Рады Аляксандр Кабанаў і Аляксандр Кныровіч дыскутавалі ў эфіры “Еўрарадыё”.

Ёсць два бачанні развіцця сітуацыі. Першае — гэта зарэгістраваць камісію, другое — правесці ў Каардынацыйнай радзе слуханні, каб выпрацаваць нейкія агульныя аспекты, а потым ствараць камісію, - даводзіць свой пункт гледжання Аляксандр Кабанаў.

Аляксандр Кныровіч не аспрэчвае неабходнасць стварэння Камісіі па палітвязнях.

— У складзе Каардынацыйнай рады 115 дэлегатаў, з якіх сёння 7 ці 8 за кратамі, яны палітвязні. Хто з гэтых дэлегатаў супраць таго, каб вызваляць палітвязняў? Няма ніводнага чалавека. Камісія будзе, яна будзе працаваць. Зараз спрэчка ідзе пра тэхнічны момант: па-першае, дыскусія ці, па-першае, камісія. Я ведаю, што нармальны глядач зараз кажа: "Што за бла-бла-бла? Вы будзеце вызваляць палітвязняў ці не?" Але калі мы жадаем наўпроставае дзеянне адразу зараз — то гэта не пра Каардынацыйную раду. Каардынацыйная рада патрэбная, каб абмеркаваць пытанне з розных пунктаў гледжання, прыняць нейкае агульнае стаўленне і працаваць далей з міжнароднай супольнасцю, з тым, што можна зрабіць зараз. Але гэта не праца: сёння мы ёсць, заўтра мы пад Акрэсціна ці рознымі іншымі мурамі вызваляем палітвязняў. Шкада, але гэта так.

З ініцыятывай стварыць Камісію па вызваленні палітвязняў яшчэ на этапе фармавання Каардынацыйнай рады, па словах Кабанава, выступілі чатыры фракцыі. Яны падрыхтавалі дакумент з абгрунтаваннем, які павінны быў быць разгледжаны на Савеце фракцый. Гэтага не адбылося — слуханні перанеслі на тыдзень.

— Цягам гэтага тыдня адбыліся рэчы, якія мне асабіста незразумелыя. Адна з фракцый зрабіла нам прапанову: мы падтрымаем вашу ініцыятыву, але з адной умовай — кіраўніком гэтай Камісіі будзе Таццяна Хоміч, намеснікам - Святлана Мацкевіч, і намеснікам буду я, — заяўляе Кабанаў. — Мы рыхтавалі дакумент, прадстаўлялі Камісію… “Акей, мы яе зарэгіструем, але на нашых умовах, кіраўніцтва будзе наша”, — гэта неэтычна.

Мэта стварэння Камісіі па вызваленні палітвязняў у бачанні Кабанава — каб выпрацаваць адзіны падыход з НАУ, Аб’яднаным кабінетам, іншымі ініцыятывамі і прыватнымі асобамі, дыяспарамі, якія займаюцца гэтым пытаннем.

— Давайце выпрацуем адзіную стратэгію! Усе за тое, каб вызваліць палітвязняў. Але калі мы ставім гэтае пытанне ў розных плоскасцях, мы не даб’емся нічога. Я лічу, Камісія павінна быць створаная менавіта з гэтай мэтай: вывучыць усе меркаванні і потым стварыць адзіную стратэгію, узгодненую з усімі, каб мы не цягнулі ў розныя бакі. У нас у КР шмат спецыялістаў па вызваленні палітвязняў? Ніводнага, — заключае Кабанаў.

Аб чым яшчэ спрачаліся Кабанаў і Кныровіч, глядзіце ў стрыме Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі