Гурт “Дай Дарогу!” прэзентуе альбом імя сябе (слухаць)

Брэсцкія панкі “Дай Дарогу!” прадставілі альбом аднайменны з назвай самога гурта, які стаў шостым электрычным лонгплэем у дыскаграфіі гурта.

“Альбом атрымаўся нейкім такім пазітыўным, — спрабуе ахарактарызаваць навінку лідар гурта Юрый Стыльскі. — У ім больш каліфарнійскага панка, ён больш меладычны… калі параўнаць яго з першым альбомам “Зарубило” (1999), дык увогуле неба і зямля атрымліваецца. Але песні на ім усё пра тое ж! Тое, што я перажыў, што бачыў: крыкі сэрцаў, сацыялка, бытавуха — карацей, усё ў нашых лепшых традыцыях”.

Увага! Запіс утрымлівае ненарматыўную лексіку.

З 13 новых трэкаў на альбоме Юрыю больш за ўсё падабаецца “Выходи” — песня пра каханне, якое музыка перажыў летам. Яго “перла так, што рэпетаваў ледзь не са слязамі на вачах”. Але гэта выключна эмацыйнае успрыняцце, бо цалкам канчатковую версію дыска лідар “Дай Дарогу!” яшчэ не слухаў.

“Справа ў тым, што я вельмі шмат часу аддаваў на працу над папярэднімі нашымі альбомамі, — прызнаецца Стыльскі. — Я займаўся іх звядзеннем, майстарынгам і г.д., таму часта пераслухоўваў песні і потым некаторыя ўжо проста не мог слухаць. А цяпер мы аддалі альбом на майстарынг і звядзенне Іллі Курачкіну, які гэтым канкрэтна прафесійна займаецца. І вось так атрымалася, што я альбом толкам і не чуў. Я толькі запісаў вакал, гітару, папрысутнічаў на запісах бубнаў і басухі і ўсё! Таму нейкую крытыку ўрубіць не магу, бо пакуль не магу адэкватна зразумець што там і як”.

У хуткім часе альбом “Дай Дарогу!” з’явіцца на дысках, якія музыкі надрукуюць самастойна і будуць распаўсюджваць на канцэртах. Прэзентацыя дыска адбудзецца ўжо сёння (08.05.2015) ў сталічным клубе Re:Public. Музыкі абяцаюць адыграць цалкам новую праграму і не забыцца пра старыя правераныя баевікі. Квіткі каштуюць 200-250 тыс. Пачатак у 19:00.

Нагадаем, папярэдні дыск гурта “Сквозь говно” быў названы “Лепшым альбомам-2012” па версіі музычнай прэміі Еўрарадыё Даём рады”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі