Хакеісты "Дынама-Маладзечна" абыгралі ў гасцях "Нёман"

Хакеісты "Дынама-Маладзечна" абыгралі ў гасцях "Нёман"

21 сакавіка хакеісты "Дынама-Маладзечна" перамаглі ў гасцях гродзенскі "Нёман" у авертайме — 2:1 (0:0, 1:0, 0:1, 1:0). Такім чынам, маладзечанскі клуб скараціў адставанне ў паўфінальнай серыі плэй-оф экстралігі — 2:3, перадае БЕЛТА. Гульня ідзе да чатырох перамог у серыі.

Дзеючыя чэмпіёны краіны, гродзенцы вялі ў серыі з лікам 3:1 і ў выпадку перамогі маглі выйсці ў фінал. Аднак дынамаўцы нечакана, што называецца, паказалі зубы.

Лік у матчы толькі на 36-й хвіліне адкрылі маладзечанцы: аўтарам гола стаў форвард Арцём Лагуноў. Да трэцяга перыяду "Нёман" не мог адыграцца, аднак потым Міхаіл Стэфановіч выйшаў адзін на адзін з галкіперам гасцей і забіў шайбу — 1:1. Пераможца вызначыўся ў авертайме. Дзякуючы Артуру Гаўрусу "Дынама" святкавала перамогу — 2: 1.

Наступны матч серыі пройдзе ў Маладзечне 23 сакавіка.

У іншым паўфінале экстралігі мінскае "Юнацтва" вядзе ў серыі з "Шахцёрам" 3:1. Іх наступная сустрэча пройдзе 22 сакавіка ў "Чыжоўка-Арэне".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі