Ігар Гузь: Па папярэдніх падліках украінская апазіцыя мусіла перамагчы

Нагадаем, што Ігар Гузь абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыяў на парламенцкіх выбарах.

Еўрарадыё: Як праходзіла перадвыбарчая кампанія ва Ўкраіне? Якія былі яе адметнасці?

Ігар Гузь: Падчас гэтай кампаніі мы назіралі шалёны адміністрацыйны ўціск на апазіцыйныя палітычныя партыі. Акрамя агромістага адміністрацыйнага рэсурсу, быў выкарыстаны чорны піяр. Таму мая асабістая ацэнка, што гэтыя выбары не былі дэмакратычнымі. Дарэчы, міжнародныя структуры таксама кажуць пра тое, што выбары не былі дэмакратычнымі, былі шматлікія фальсіфікацыі.

 

Еўрарадыё: А якія менавіта былі фальсіфакацыі?

Ігар Гузь: Традыцыйна была масава распаўсюджаная карусель, было масавае спойванне выбаршчыкаў, непасрэдны подкуп выбаршчыкаў. На маім выбарчым участку была назіральніца ад праўладнай партыі, якая па спісе адзначала людзей, якія прыходзілі галасаваць. У яе былі спісы з прозвішчамі выбаршчыкаў на гэтым участку. І я перакананы, што яна ім плаціла, пасля таго як яны прагаласавалі за партыю Рэгіёнаў.

Еўрарадыё: Вы як і Юлія Цімашэнка абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый. Лідар партыі “Свабода” Алег Цягнібок, таксама кажа пра тое, што ў яго партыі крадуць галасы падчас падліку галасоў. У свабодаўцаў нібыта ўжо скрадзена мінімум 3 адсоткі. Як гэта адбываецца?

 

Ігар Гузь: Згодна з дадзенымі сайта ЦВК падлічана 90 % галасоў. Я на некалькі сот галасоў апярэджваю майго саперніка, але яшчэ засталося падлічыць 10 % бюлетэняў. Ёсць падазрэнне, што падчас падліку апошніх 10 % будуць фальсіфікаваць рознымі спосабамі. Найбольшая праблема, на якую не рэагуе акруговая выбарчая камісія — гэта калі ў акруговую камісію прывозяцца бюлетэні, і яны не апячатаныя. Другое парушэнне, якое мы зафіксавалі, гэта тое, што наша выбарчая камісія не можа ісці на перапынак пакуль не падлічыць усе бюлетэні, аднак сябры маёй камісіі пайшлі адпачываць. Скрыні для галасавання засталіся пад наглядам толькі міліцыянтаў, а гэта не дае гарантыі, што ноччу ў скрыні не зробяць укід. Ёсць і іншыя спосабы, напрыклад, махінацыя з серверамі. Калі розніцу ў 100 галасоў могуць і скрасці або іншую правакацыю зрабіць.

Еўрарадыё: Існуе інфармацыя, што ў Беларусі падчас парламенцкіх выбараў шырока выкарыстоўваліся для фальсіфікацыі вынікаў галасавання скрыні для галасавання на даму. За адну-дзве гадзіны галасавала па 500-800 выбаршчыкаў. Ці была такая ж сітуацыя ў Вас?

Ігар Гузь: Падчас сёлетніх выбараў працэдуру галасавання на даму ўскладнілі, каб прагаласаваць такім чынам трэба было прадаставіць даведку, што хварэеш. Таму на даму масава не галасавалі.

Еўрарадыё: Чаму аб’яднаная апазіцыя не байкатавала выбары? Бо яшчэ перад выбарамі былі сумневы ў іх дэмакратычнасці і празрыстасці?

Ігар Гузь: Не было байкоту, таму што мы не ў сітуацыі Беларусі. Калі ў Беларусі было адразу вядома, што апазіцыянеры не выйграюць, то паводле нашых падлікаў было вядома, што БЮТ, “Свабода” і “Удар” возьмуць большасць у парламенце. Таму сэнсу байкатаваць няма, трэба змагацца за перамогу.

Еўрарадыё: Ці будуць масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый?

 

Ігар Гузь: Цяжка сказаць, калі ў нас атрымаецца адстаяць нашай перамогі ў 10 акругах, то пратэстаў, магчыма, не будзе.

 

Еўрарадыё: Якія вашы прагнозы, чым скончыцца падлік галасоў?

Ігар Гузь: Калі з аднаго боку Партыя Рэгіёнаў і камуністы, а з іншага БЮТ, “Свабода” і “Удар”, то мы набіраем большасць. Гэта выбар украінцаў, і мы яго паважаем. Праўда, мяне здзіўляе, чаму столькі выбаршчыкаў галасуе за “Рэгіёны”, яны 3 гады ўжо пры ўладзе, і нічога добрага іх праца не прынесла.

 

Еўрарадыё: Партыя Віталя Клічко “Удар” — гэта той партнёр, у якім цяпер можна быць ўпэўненным на 100 %? “Удар” ўвойдзе ў кааліцыю?

Ігар Гузь: Я думаю ва “Удара” няма іншага выбару, як ствараць кааліцыю, і яны гэта разумеюць. Шкада, што яны не ўвайшлі ў кааліцыю раней.

Еўрарадыё: Як вы ацэніце папярэдні вынік правай партыі “Свабода”, спачатку казалася, што гэтая партыя набірае 13%, цяпер кажуць пра 9-10 %?

 

Ігар Гузь: “Свабода” не расчаравала выбарцаў, якія яе падтрымлівалі. Яна не была пры ўладзе, займае сваю катэгарычную, жорсткую пазіцыю. Гэта цікавы вынік, і для мяне, як палітыка, добры, бо я сам прытрымліваюся правых поглядаў. “Свабода” зрабіла галоўны фурор гэтых выбараў. Усе сацыялагічныя апытанні ставілі яе на мяжу 5 %. А ў выніку партыя ўзяла ў 2 разы болей.

Еўрарадыё: Чаму партыя “Украіна-наперад” паказала такі слабы вынік, хаця, у кампанію былі ўкладзены вялічэзныя сродкі?

Ігар Гузь: Людзі зразумелі, што гэта штучнае ўтварэнне, што гэтую партыю фінансуюць “Рэгіёны”. Выбаршчыкі гэта зразумелі і не папаліся на гэты кручок.

Еўрарадыё: Ці набірае аб’яднаная апазіцыя канстытуцыйную большасць? І ці рэальна будзе абвесціць імпічмент прэзідэнту.

Ігар Гузь: Відавочна цяпер, што канстытуцыйнай большасці не будзе, таму імпічмент правесці нерэальна. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі