ІКЕА абвяргае парушэнні правоў чалавека пры пастаўках тавараў

IKEA абвяргае абвінавачанні / pixabay.com
IKEA абвяргае абвінавачанні / pixabay.com

У кампаніі ІКЕА абвяргаюць супрацу з беларускімі кампаніямі, якія парушаюць правы чалавека ў Беларусі. Так у шведскай карпарацыі пракаментавалі расследаванне нямецкіх і французскіх журналістаў.

"На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнесе няма месца парушэнням правоў чалавека", — перадае zerkalo.io адказ кампаніі.

Прэс-сакратар IKEA паведаміў, што ў чэрвені 2021 года кампанія вырашына спыніць развіццё любога новага бізнесу ў сувязі з праблемамі з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальнай абстаноўкай.

Пасля гэтага карпарацыя пачала рыхтавацца да сыходу з Беларусі, каб мінімізаваць шкоду для людзей, звязаных з яе працай. "Вайна ва Украіне і міжнародныя санкцыі паскорылі гэтыя планы. У чэрвені 2022 года IKEA прыняла рашэнне пакінуць краіну і скасаваць кантракты з нашымі пастаўшчыкамі", — заяўляюць у кампаніі.

Пры гэым у IKEA сцвярджаюць, што падчас сваёй прысутнасці ў Беларусі рэгулярна правярала свой ланцужок паставак на адпаведнасць патрабаванням. "Кожны раз, калі мы атрымліваем прыкметы неправамерных паводзін, мы сур'ёзна ставімся да іх, расследуем іх і прымаем меры. Мы заўсёды імкнемся адпавядаць нашым каштоўнасцям і чаканням удзельнікаў нашага ланцужка паставак", — падкрэсліваюць у карпарацыі.

Як распавядала Еўрарадыё, нямецкія і французскія журналісты апублікавалі расследаванне наконт працы IKEA і яе партнёраў у Беларусі. Яны даказваюць, што шведская карпарацыя карыстаецца прадукцыяй, вырабленай у беларускіх калоніях. Пры гэтым, натуральна, выкарыстоўваецца праца вязняў, у тым ліку палітычных зняволеных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі