Расследаванне аб супрацы IKEA з калоніямі Беларусі выйшла ў Германіі і Францыі
IKEA / pixabay.com
Шведская кампанія IKEA супрацоўнічала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу зняволеных, у тым ліку палітвязняў. Пра гэта гаворыцца ў сумесным расследаванні нямецкай газеты Die Tageszeitung і французскага выдання Disclose.
Беларускія партнёры пастаўлялі шведскай кампаніі драўніну, папярэднюю прадукцыю, а таксама мэблю з турмаў краіны. Журналісты спасылаюцца на спісы дэбітораў, апублікаваныя беларускімі папраўчымі калоніямі на сваіх сайтах.
З расследавання вынікае, што каля паловы буйных беларускіх пастаўшчыкоў IKEA мелі сувязі з папраўчымі калоніямі цягам апошніх 10 гадоў. Безумоўныя доказы такой супрацы ёсць наконт 10 беларускіх кампаній. Журналісты адзначаюць, што беларускія калоніі вядомыя жорсткім абыходжаннем, катаваннямі і знікненнямі, і іх каштоўнасці супярэчаць філасофіі, якую прапагандуе шведская кампанія.
Дарэчы, сама IKEA запэўнівае кліентаў, што не выкарыстоўвае "прымусовую працу" ці "працу зняволеных" пры вытворчасці сваіх тавараў.
Супраца IKEA з Беларуссю пачалася ў 1999 годзе. За 20 гадоў Беларусь стала другім па велічыні пасля Польшчы пастаўшчыком драўніны для гэтай карпарацыі.
Сярод даўніх партнёраў IKEA журналісты выявілі тэкстыльную кампанію "Магатэкс". Мяркуецца, што яна працавала як мінімум з чатырма папраўчымі калоніямі. Напрыклад, з папраўчай калоніяй №15 "Магатэкс" працаваў яшчэ ўлетку 2021 года.
У гэтай калоніі 10 месяцаў (з траўня 2021-га па сакавік 2022-га) адбываў пакаранне палітвязень Ціхан Клюкач, асуджаны за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту. Пра парадкі ў калоніі ён расказвае так: "Многіх палітычных зняволеных збівалі, у тым ліку і мяне. Нам адмаўлялі ў пасылках, у праве на ліставанне і спатканні. Многія з нас апынуліся ў адзіночнай камеры. Агулам я правёў там 55 дзён".
У кастрычніку праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляў пра 94 "працаўладкаваных" палітвязняў у ПК №15.
Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, на дрэваапрацоўцы ў калоніях цяпер працуюць каля 8 тысяч зняволеных. Напрыклад, сваёй прадукцыяй дрэваапрацоўкі хваліцца папраўчая калонія №5, якая вядзе пастаўкі ў Расію, Францыю і Германію.
На абвінавачанні Die Tageszeitung у супрацы з Беларуссю IKEA адказала, што разарвала кантрактныя адносіны з нашай краінай пасля ўвядзення санкцый Еўрасаюза ў кастрычніку 2020 года. Таксама ў кампаніі заяўляюць, што абавязваюць усіх пастаўшчыкоў прытрымлівацца стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы ААН, а ўсялякія прыкметы парушэння гэтых стандартаў неадкладна спыняюцца.
Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі шведскую карпарацыю вінавацяць у выкарыстанні працы зняволеных. У лістападзе 2012 года IKEA была вымушаная прызнаць, што ў 1970-х і 1980-х гадах у ГДР на яе працавалі палітычныя вязні. Пасля гэтага прызнання гендырэктар нямецкай філіі казаў, што "глыбока закрануты" гэтым выкрыццём, і паабяцаў: "IKEA не прымала і ніколі не прыме выкарыстанне палітычных зняволеных у вытворчасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.