Інтымная перапіска Дашкевіча і Палажанкі лягла ў аснову фільма (фота)
Для стварэння "Кахання па-беларуску" рэжысёры Андрэй Куціла і Вячаслаў Ракіцкі перачыталі некалькі тысяч лістоў закаханых.
Пасля Плошчы-2010 маладафронтаўка Наста Палажанка правяла некалькі месяцаў у турме КДБ, а потым была асуджаная да года пазбаўлення волі ўмоўна. Лідар зарэгістраванага ў Чэхіі Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч быў затрыманы за дзень да Плошчы, абвінавачаны ў хуліганстве і правёў у турме амаль тры гады. Там, за кратамі гарадзенскай турмы, год таму і адбыўся іх з Настай шлюб.
Вянчанне адбылося ў жніўні 2013 года, праз тры дні пасля вызвалення Змітра. Кадр з фільма
Такі смелы ход – аддаць творцам на вывучэнне сваю інтымную перапіску – падказалі самі абставіны: у сямейна-побытавых клопатах адбіраць нешта самім Змітру і Насці проста не ставала часу.
Падчас прэм'ернага прагляду
Зміцер Дашкевіч: “Вячаслаў Ракіцкі кажа: “Вы там нешта адбярыце і дайце, што можаце, нам”. А як толькі я вызваліўся, было шмат бытавых праблемаў і справаў у “Маладым Фронце”, уладкаванне, вяселле тым больш… І потым, калі Ракіцкі з Куцілам да нас прыехалі і спыталіся, дзе адабраныя лісты – я ім вынес проста кешара з гэтай поштай, там рэальна некалькі тысяч лістоў! Ракіцкі іх месяц перабіраў! Я аддаў – бо мяркую, што калі чалавека перапаўняюць шчырыя эмоцыі, то ён не павінен іх саромецца”.
Тысячы лістоў леглі ў аснову сюжэта фільма. Кадр з фільма
Лісты настолькі прыватныя і цёплыя, што адчуванне, што падглядаеш за закаханымі.
“Мілы мой! Сонейка маё любае! — зачытвае на экране свой ліст да Змітра Наста. – Мой самы лепшы жаніх у свеце! Нам трэба трошку перачакаць гэты цёмны час, каб годна і дасканала сустрэць світанак нашага новага жыцця. І яно будзе такое цудоўнае, што дзеля гэтага можна трошку патрываць. Але ж не сумуй. І ні ў чым не сумнявайся. Бо я твая. Усё маё жыццё і дзейнасць апошніх гадоў былі прысвечаны толькі жаданню быць побач з табой. Маё сэрца прагне цябе. Мы ўсё пройдзем”.
Наста Дашкевіч. Кадр з фільма
“Насцюленька! Любая мая і адзіная! – адказвае Зміцер. – Скажы, калі заканчваецца той “умоўны” год? І ці няма там у цябе ніякіх рухаў? Абстаноўка дзікая зараз, могуць садзіць направа-налева і пачкамі. А мы, як сведчыць жыццё, заўсёды ідзём першыя ў “расстрэльных спісах”. Будзь вельмі асцярожная і ціхенька паводзь сябе. Бо я, у выпадку чаго, не перажыву. Маленькая мая пчолачка, каторая за ўсіх і паўсюль бегае і працуе! Кінь усю гэтую мітусню – і займіся вучобаю. Прашу цябе вельмі-вельмі! Беражы сябе, любачка мая любая!”
Гарадзенская турма, дзе сядзеў Зміцер і дзе адбыўся шлюб, месціцца ў старадаўнім кляштары. Кадр з фільма
Так атрымліваецца, што апроч Насты і Змітра, гэтую перапіску чыталі раней толькі турэмныя цэнзары. Ці не адчувалі сябе такімі цэнзарамі, якія корпаюцца ў чужой бялізне, рэжысёры?
Андрэй Куціла: “Цэнзарам сябе не адчуваў. Хоць пра цэнзуру думаў – бо ў лістах трапляюцца зафарбаваныя сказы. Я адчуваў іх настрой. І крыху няёмкасць – разам з падзякай гэтым людзям, што яны так шчыра ў гэтым удзельнічалі. Бо рэальна большасць фільма – гэта заслуга Насты і Змітра. А мы толькі выбудавалі гэта ў лінію ў стужцы”.
Наста нясе цяжкую торбу з перадачай у гарадзенскую турму. Кадр з фільма
Зміцер Дашкевіч ледзьве здолеў дагледзець стужку да канца – бо паказ скончыўся у 19.45, а ўжо у 20.00 ён мусіў быць дома – міліцэйскі нагляд. Добра, што паказ адбываўся на суседняй вуліцы. У гэты вечар Зміцер упершыню сам убачыў стужку цалкам.
Радасны момант вызвалення Змітра. Кадр з фільма
Зміцер Дашкевіч: “Вельмі кранальна, эмацыйна выйшла. Мне казалі, што ўжо былі нейкія прагляды – дык глядзелі ледзьве не са слязьмі на вачах… Сапраўды, калі перажываеш наноў усе гэтыя выпрабаванні, пачуцці, беды – гэта ўзрушвае…”
Наста кажа, што іх саміх бянтэжыць такая “гераізацыя” ўласнага кахання. Аднак, калі стужка натхніць некага змагацца за сваё шчасце, – гэта ўжо вялікая карысць ад яе.
У дарозе між Мінскам і Гародняю Наста правяла дзясяткі гадзін. Кадр з фільма
Наста Дашкевіч: “Нам ад гэтага няёмка. Можа, збоку добра так параўноўваць, але ўнутры гэта так не выглядае. Гэта звычайнае жыццё, якое, магчыма, для кагосьці нетыповае. Мне было складана глядзець стужку. І не толькі таму, што нешта прыгадваеш, перажываеш – а таму, што не такія мы ўжо і асобы, каб глядзець пра сябе фільмы. Разам з тым, я спадзяюся, што гэты фільм паслужыць для некага, натхніць зразумець, што нават у такіх цяжкіх умовах нельга губляць ні сябе, ні надзею, ні каханне. І што перад імі – не супермэны, а звычайныя людзі, якія кахаюць адзін аднаго”.
Дарэчы, Андрэй Куціла падкрэсліў, што ў стужцы практычна няма ігравых момантаў – проста здымалі звычайнае жыццё Насты.
Андрэй Куціла
Андрэй Куціла: “Найграных момантаў тут амаль няма. Хіба што мы сапраўды папрасілі Насту сесці і пачытаць перад камерай лісты. А так яна сапраўды хадзіла ў краму, купляла рэчы для перадачы, несла перадачу, была на спатканні, маладафронтаўцы сапраўды расклейвалі налепкі і збіралі подпісы… Спецыяльных сюжэтаў мы не прыдумлялі, гэта жыццё такое…”
Вячаслаў Ракіцкі прызнаецца, што хоць на экране паказанае каханне Змітра і Насты – але фільм апавядае пра каханне ва ўмовах “палітычнай” турмы ўвогуле, якое пасля Плошчы стала не адзінкавым выпадкам.
На прэм'еры: Вячаслаў Ракіцкі і акцёр Купалаўскага тэатра Раман Падаляка
Вячаслаў Ракіцкі: “Гэта назва не проста пустая. Дзіўна проста! Людзі жаніліся перад пасадкаю ў турму… Пасля першай пасадкі, перад другой… Наста і Марына (Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча – Еўрарадыё.) — у турме. Што выраблялі з Ірай Халіп, Андрэем Саннікавым і іх дзіцёнкам – вядома… натуральна, у нас узнікла ідэя паказаць каханне ва ўмовах дыктатуры, каханне праз калючы дрот. Хацелася ад дэпрэсіі прыйсці да нечага светлага. Таму што час праходзіць – і цікава паказаць праз лёсы, як Плошча паўплывала на гэтых людзей”.
На прэм'еры: Вячаслаў Ракіцкі, Алесь Кіркевіч, Андрэй Куціла, Паліна Рэспубліка, Наста Дашкевіч
Саўндрэкам да стужкі стала песня Паліны Рэспублікі “Як ты”. Гледачы адзначалі, што яна настолькі патрапіла – быццам бы пісалася пра Змітра і Насту, пра іх каханне па-беларуску.
Як ты без мяне там?
Як я без цябе тут?
Пачуццём чалавека
цягне сэрца ў родны кут.
Як быццам жартую
А ў сабе мацней крычу
Я цябе ўратую.
Толькі як, не ведаю.
Тэлевізійная прэм’ера стужкі адбудзецца 24 снежня у 21.25 на тэлеканале “Белсат”. А пакуль прапануем вашай увазе трэйлер фільма.