Іранцу Мехрдаду далі дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі — на год
Іранцу Мехрдаду Джамшыдзіяну далі часовы дазвол на пражыванне ў Беларусі — тэрмінам на год. Пра гэта Еўрарадыё распавяла праваабаронца Human Constanta Наста Лойка. Па яе словах, у наступным месяцы могуць даць дазвол на сталае пражыванне ў нашай краіне.
Як распавядала Еўрарадыё, Беларусь планавала выдаць Джамшыдзіяна ў Іран. Там яму пагражае смяротная кара па падазрэнні ў забойстве. У Мінску іранец правёў за кратамі 11 месяцаў, чакаючы дэпартацыі. Урэшце ў траўні суд Маскоўскага раёна Мінска адмяніў яго прымусовую дэпартацыю і вярнуў справу на перагляд. Самога Мехрдада выпусцілі з-за кратаў. Але аддзел па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ) прыняў рашэнне пра яго добраахвотную высылку: на працягу трох месяцаў іранец мусіў пакінуць Беларусь, у якой жыве 25 гадоў. Цяпер ён можа застацца ў нашай краіне.
Наста Лойка, каментуючы дазвол, выдадзены Мехрдаду, канстатуе, што Беларусь нарэшце пачала прыслухоўвацаца да меркавання Камітэта па правах чалавека ААН.