Італія таксама накіруе ў Мінск часовага паверанага замест амбасадара

Міністр замежных справаў Італіі Антоніа Таяні і Святлана Ціханоўская / офіс Ціханоўскай
Міністр замежных справаў Італіі Антоніа Таяні і Святлана Ціханоўская / офіс Ціханоўскай

Італія не будзе накіроўваць у Мінск амбасадара, а прадстаўніцтвам будзе кіраваць часовы павераны. Пра гэта паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай па выніках яе сустрэчы з міністрам замежных спраў Італіі Антоніа Таяні 6 ліпеня ў Рыме.

Як распавядала Еўрарадыё, раней статус свайго прадстаўніцтва аналагічна панізіла Германія.

Паводле прэс-служба Ціханоўскай, на сустрэчы таксама абмяркоўвалі размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі і сітуацыю з палітвязнямі. Гаварылі палітыкі і пра дапамогу грамадзянскай супольнасці ды незалежным СМІ.

Антоніа Таяні паабяцаў узняць пытанне новых санкцый Еўрасаюза супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама абмеркаваць закрыццё лазеек у санкцыйным рэжыме.

Італія, як перадае прэс-служба Ціханоўскай, працягне выдаваць візы беларусам, бо адрознівае рэжым і грамадзян краіны. Акрамя таго Італія працягне выдаваць стыпендыі беларускім студэнтам і прымаць дзяцей з рэпрэсаваных сем’яў на аздараўленне.

Ціханоўская прапанавала перадаць на падтрымку палітвязняў замарожаныя актывы. Некалькі дзён таму стала вядома, што ўлады Італіі замарозілі актывы людзей, звязаных з беларускім і расійскім рэжымамі, на 2 мільярды еўра.

Раней Ціханоўская выступіла на слуханнях у сенацкім камітэце па замежных справах і абароне. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі