Амбасадай Германіі ў Беларусі будзе кіраваць часовы павераны

Амбасада Германіі ў Мінску / wikimedia.org
Амбасада Германіі ў Мінску / wikimedia.org

Амбасадар Германіі Манфрэд Хутэрэр пакідае Беларусь пасля чатырох гадоў працы і вяртаецца на радзіму.

"Беларусь не толькі знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, яе людзі думаюць і адчуваюць па-еўрапейску. Іншымі словамі, я ўспрымаю Беларусь як найлепшую частку Еўропы", — сказаў Манфрэд Хутэрэр у сваім развітальным інтэрв'ю.

Ён згадаў, што ў 2019 годзе, калі ён прыбыў у Беларусь, адчувалася паглыбленне кантактаў Германіі і Беларусі, асабліва паміж прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дзелавых колаў. Але з 2020-га гэтыя тэндэнцыі змяніліся "ў выніку масавых рэпрэсій беларускай улады супраць уласных грамадзян і ўцягвання беларускага кіраўніцтва ў захватніцкую вайну Расіі супраць Украіны, якая парушае нормы міжнароднага права".

Дыпламат з болем згадаў закрыццё ў Беларусі Інстытута імя Гётэ і Германскай службы акадэмічных абменаў, а таксама шматлікіх беларускіх арганізацый, з якімі нямецкі бок шмат гадоў плённа супрацоўнічаў.

Амбасадар падкрэсліў, што яму балюча ад таго, што ён "не змог асабіста, твар у твар, развітацца з такой колькасцю партнёраў амбасады Германіі ў Мінску", якія ўваходзяць у 1500 чалавек, прызнаных палітвязнямі ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Германія і ЕС патрабуюць вызвалення ўсіх палітзняволеных у нашай краіне.

Новага амбасадара Германія прызначаць у Беларусь не стане. З 4 ліпеня кіраваць амбасадай будзе Міхаэль Новак на пасадзе часовага паверанага ў справах Германіі ў Беларусі. Раней ён займаў пасаду пастаяннага намесніка амбасадара. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі