Каб лепш прымаліся законы, Авальную залу адрамантуюць за $2,5 млн

Каб лепш прымаліся законы, Авальную залу адрамантуюць за $2,5 млн

У Авальнай зале беларускага парламента, дзе народныя абраннікі прымаюць лёсавырашальныя законы, пачаўся маштабны рамонт. Пачаўся ён на наступны дзень пасля таго, як там выступіў з пасланнем Аляксандр Лукашэнка ― 25 красавіка.

Як даведалася Еўрарадыё, усе працы абыдуцца бюджэту ў пяць мільёнаў рублёў. Галоўным падрадчыкам работ з’яўляецца Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Адміністрацыі прэзідэнта.

Працы па дэмантажы абсталявання ў Авальнай зале ўжо пачаліся, паведамілі Еўрарадыё ў ГГУ:

“Цалкам будуць новыя сталы, новыя крэслы і новая сістэма галасавання. Абсталяванне будзе стаяць усё альбо бельгійскае, альбо нямецкае ― у залежнасці ад таго, якая кампанія выйграе конкурс на пастаўку. На сценах панэлі будуць мяняцца. Мармур, які ёсць у зале, будзе мыцца і націрацца, каб выгляд добры быў. Будуць устаноўленыя два экраны там, дзе цяпер маленькія вісяць ― 2,5 на 2 метры. На іх будзе выводзіцца ўся інфармацыя: не толькі пра тое, што на дадзены момант адбываецца, але і што запланавана на будучае”.

Паводле праекта, кажа суразмоўца Еўрарадыё, у зале будуць зробленыя адмысловыя месцы для журналістаў. Магчыма, у Палаце прадстаўнікоў нарэшце і вай-фай з’явіцца!

“Размесцяць вас асобна ― усе журналісты будуць сядзець зверху на “верандзе”. Там будзе сурдапераклад, усё неабходнае для радыёжурналістаў будзе”.

Вярнуцца ў Авальную залу дэпутаты змогуць толькі ў снежні бягучага года. Да таго часу пасяджэнні будуць праходзіць у зале Савета міністраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі