Калекцыі двух брэстаўчан уключаныя ў рэестр археалагічных артэфактаў
У рэестр археалагічных артэфактаў уключаныя калекцыі двух жыхароў Брэсцкай вобласці. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў.
Як вядома, кіраўнік Беларусі ў снежні 2015 года прыняў указ "Аб удасканаленні аховы археалагічных аб'ектаў і археалагічных артэфактаў". Згодна з ім створаны рэестр археалагічных артэфактаў, якія знаходзяцца ў валоданні фізічных і юрыдычных асоб. Два жыхары Брэстчыны пажадалі ўключыць у яго свае прыватныя калекцыі. Адзін з іх мае 130 гістарычных прадметаў, другі — 132. Гэта бронзавыя і срэбраныя фібулы, пярсцёнкі, зашпілкі, бранзалеты, падвескі, а таксама каменныя, жалезныя і бронзавыя наканечнікі для стрэл і дзідаў, розныя віды нажоў ды іншыя археалагічныя артэфакты. Большасць экспанатаў адносяцца да каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Ёсць таксама рэчы, вырабленыя і ў пазнейшыя перыяды.
Абласная археалагічная камісія вырашыла, што гэтыя калекцыі маюць гістарычную каштоўнасць.
Па словах Гарбузава, цяпер спецыялісты могуць звязацца з уласнікамі для вывучэння прадметаў або іх публічнай прэзентацыі, а самі ўладальнікі могуць іх законна дарыць, мяняць, прадаваць, экспанаваць у музеях.
На Брэстчыне гэта адзіныя законныя прыватныя калекцыі. Паводле папярэдніх ацэнак, у вобласці пражываюць каля 80 аматараў гістарычных артэфактаў. Іх знаходкі з 1 студзеня сталі нелегальнымі: іх належыць перадаць у дзяржаўную ўласнасць.