Калектарскім агенцтвам дазволяць “выбіваць” даўгі са звычайных людзей

Іх дзейнасць і будзе рэгуляваць новы ўказ прэзідэнта.

Калектарскія агенцтвы неўзабаве змогуць выкупляць даўгі ў банкаў, а таксама спаганяць пазыкі са звычайных людзей. Гэта прадугледжвае праект новага ўказа, які ўжо падрыхтавалі ў Нацбанку.
“Асноўнае пытанне на дадзены момант — гэта пытанне пакупкі праблемнага актыву не банкам, — патлумачыў Еўрарадыё загадчык Галоўнага ўпраўлення Нацбанка па банкаўскім наглядзе Сяргей Дубкоў. — У цяперашні момант завершаная падрыхтоўка ўказу прэзідэнта. Распрацоўку ажыццяўляюць міжведамасныя працоўныя групы, і наступае працэс узгаднення. Пасля гэтага ён будзе афіцыйна ўнесены на разгляд”.
На думку Сяргея Дубкова, спагнанне даўгоў не з’яўляецца галоўным заданнем банкаў, таму яго трэба перадаць у кампетэнцыю спецыяльных арганізацый. Аднак самі юрыдычныя фірмы, якія ўжо аказваюць некаторыя калектарскія паслугі, глядзяць на гэта не так аптымістычна. Разам з новымі магчымасцямі з’явяцца і новыя абавязкі ў выглядзе строгай справаздачнасці. Атрымаўшы, з аднаго боку, шырокае поле дзейнасці, калектарскія агенцтвы баяцца апынуцца пад жорсткім наглядам дзяржавы, распавялі нам у фірме “Леў, Шарстнёў і Партнёры”.
Супрацоўніца фірмы “Леў, Шарстнёў і  Партнёры”: “У Расіі, напрыклад, няма заканадаўчай базы, а калектарскія агенцтвы працуюць больш за 5 гадоў. Гэта ж не проста так. У прынцыпе, акрамя працы з фізічнымі асобамі і таго, што можна выкупляць даўгі, нічога добрага там няма”.
Тым не менш, чакаецца, што закон пачне дзейнічаць ужо праз некалькі месяцаў. Спешку ўладаў можна зразумець — за апошні год агульная праблемная запазычанасць беларускіх банкаў павялічылася ў 5 разоў. Велічыня нявыплачаных крэдытаў (якая ўваходзіць у гэтую лічбу) таксама ўзрасла: па пазыках у рублях  прыкладна ў 2 разы, амаль дасягнуўшы 24 мільярдаў рублёў, а па валютных — ажно ў 5,5 разоў і склала амаль 25 мільёнаў долараў
Павялічылася і пратэрмінаваная запазычанасць сельскагаспадарчых арганізацый. У снежні мінулага года яна дасягнула 1,8 трыльёна рублёў
Найбольш клопатаў банкі маюць з крэдытамі прадпрыемстваў, а вось найменш праблем — з пазыкамі на жыллё, распавёў прэс-сакратар Нацбанка Анатоль Драздоў.

Анатоль Драздоў:Як правіла, вырасла запазычанасць прадпрыемстваў, то бок карпарацыйных пазычальнікаў, крыху ўзрасла праблемная запазычанасць па крэдытах грамадзян на спажывецкія патрэбы. А вось што тычыцца крэдытаў на жыллё, то тут практычна ніякага росту няма”.

Праўда, пакуль што банкі не вельмі ахвотна звяртаюцца па дапамогу да тых калектарскіх агенцтваў, што ўжо дзейнічаюць. Нягледзячы на тое, што іх супрацоўнікі абяцаюць выкарыстаць усе магчымыя метады працы з даўжнікамі, за 2 месяцы працы фірма “Антыкрызіс.by” здолела спагнаць толькі 20 мільёнаў рублёў.

Супрацоўнік “Антыкрызіс.by”: “Калектарская дзейнасць заключаецца, у асноўным, у дасудовым вяртанні даўгоў. То бок, мы тэлефануем даўжнікам, абзвоньваем яго родных, прыязджаем дадому, на яго месца працы, ствараем такую атмасферу, якая была б псіхалагічна нязноснай для даўжніка, каб ён быў вымушаны вярнуць грошы”.

Каштуюць калектарскія паслугі ад 15% да 30% велічыні пазыкі ў залежнасці ад складанасці сітуацыі. Большасць званкоў у агенцтвы паступае ад звычайных людзей, якія самастойна не могуць вярнуць пазычаныя грошы. Такія кліенты літаральна абрываюць тэлефон у агенцтвах.


Фота: obj.altapress.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі