Калі б мы ведалі, што гэта міліцыя, мы б адчынілі — удава Андрэя Зельцэра

Андрэй Зельцэр / кадр з відэа
Андрэй Зельцэр / кадр з відэа

Андрэй Зельцэр і яго жонка не ведалі, што да іх у кватэру ломіцца міліцыя. Пра гэта Марыя Успенская расказала сваім суседкам па камеры пасля затрымання.

Версію Марыі Успенскай пра трагічныя падзеі 28 верасня 2021 года расказала экс-палітзняволеная Марыя Калоша ў інтэрв'ю журналісту Руслану Кулевічу. Яна прабыла ў камеры з Успенскай 10 дзён.

Па словах Успенскай, якія перадае яе суседка па камеры, яны з мужам не ведалі, хто ломіцца ў іх кватэру, і менавіта таму двойчы тэлефанавалі ў міліцыю. "Яны спярша прадставіліся суседзямі знізу і сказалі, што вы нас затапліваеце, адчыняйце дзверы, мы паглядзім. А калі Андрэй сказаў, што я сам пагляджу, яны сталі барабаніць у дзверы", — пераказвае Марыя Калоша расповед удавы Зельцэра.

28 верасня 2021 года айцішнік Андрэй Зельцэр адкрыў агонь, калі сілавікі без знакаў адрознення спрабавалі ўварвацца ў яго кватэру. У перастрэлцы загінуў супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк і сам Андрэй Зельцэр.

Яго жонку Марыю Успенскую затрымалі ў той жа дзень па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве кадэбіста. 16 чэрвеня 2022 года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме, прызначыў ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Тэрмін лячэння судом вызначаны не быў.

Праваабаронцы прызналі Марыю Успенскую палітзняволенай.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі