Калі вызваліць ад службы адзінае дзіця ў сям'і, яго давядзецца кімсьці замяняць
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вызваліць ад тэрміновай службы ў войску юнакоў, якія з'яўляюцца адзінымі дзецьмі ў сям'і. Ён нагадаў, што такая практыка існавала раней. "Трэба прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея", — цытуе прэс-служба словы Лукашэнкі.
“Такі падыход не з’яўляецца нечым новым у сусветнай практыцы, − каментуе ваенны эксперт Аляксандр Алесін. – Напрыклад, у казакоў завушніцу насіў адзіны сын у бацькоў. Калі адбіралі людзей для выканання асабліва небяспечных заданняў, казакоў з завушніцамі не бралі. То бок так было адразу бачна, хто адзіны ў сям’і, хто не. Таму нічога нечаканага ў гэтым рашэнні няма”.
На думку эксперта, такое новаўвядзенне зусім не сведчыць пра афіцыйнае прызнанне разгулу дзедаўшчыны ў войску і праз гэта сур’ёзную небяспеку для жыцця салдат.
“Нават праца будаўніка, кіроўцы, міліцыянера звязаная з пэўнай рызыкай, − тлумачыць Аляксандр Алесін. − Служба ў войску пры гэтым значна больш небяспечная, бо людзі маюць справу з баявой тэхнікай, зброяй, абсталяваннем, якія патэнцыйна небяспечны. Апроч таго, дадаюцца вучэнні з баявой стральбой, з ужываннем рэальных боепрыпасаў, дэсантаванне з самалётаў, верталётаў, скачкі з парашутам – усё гэта з‘яўляецца мерапрыемствамі патэнцыйна небяспечнымі. Таму і ваенная служба з’яўляецца патэнцыйна небяспечнай, і гэтага ніхто не хавае”.
Каб вызваліць ад тэрміновай службы адзінае дзіця ў сям’і, парламенту дастаткова ўнесці папраўку ў існуючы закон “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе”. А дакладней папоўніць спіс тых, хто вызваляецца ад воінскай службы, гэтай групай грамадзянаў. Такім чынам Беларусь можа прыйсці да скарачэння колькасці салдатаў ды пераразмеркавання вызваленых сродкаў на тэхнічнае абнаўленне войска.
“Такі сцэнар малаверагодны, − гаворыць Аляксандр Алесін. – Усё ж такі колькасць беларускага войска з’яўляецца вельмі важным аргументам у нашых стасунках не толькі з Захадам, але і з нашымі саюзнікамі, у першую чаргу, з Расіяй. Для таго, каб пазіцыя Лукашэнкі была важкай і саліднай, ён усё ж пажадае захаваць войска ў даволі значнай колькасці па еўрапейскім маштабе. Гэта будзе яго козыр ва ўзаемаадносінах з усімі суседзямі”.
Але кім замяняць тых, хто не пойдзе служыць? Адзін з магчымых варыянтаў – адмена некаторых пунктаў закона, якія даюць адтэрміноўку ад вайсковай службы. Праўда, што са спіса можа быць выкраслена, прадказаць складана. Іншы варыянт дабору салдатаў, на думку ваеннага эксперта, – змена правілаў службы ў рэзерве.
“Цяпер людзі, якія займаюць важныя пасады, з’яўляюцца каштоўнымі спецыялістамі, спартоўцамі, артыстамі, музыкамі і гэтак далей, праходзяць службу не па прызыве а ў рэзерве, − працягвае Аляксандр Алесін. – То бок за сваю службу яны мусяць некалькі разоў наведаць вайсковыя зборы і атрымаць ваенна-ўліковую спецыяльнасць. Пасля чаго яны адразу адпраўляюцца ў запас. То бок, хутчэй за ўсё, колькасць юнакоў, якіх размяркоўваюць на службу ў рэзерв, будзе скарочаная. Іншых варыянтаў я не бачу. Паказчыкі здароўя і дэмаграфічная сітуацыя ў краіне пакуль не дазваляюць без шкоды для арміі адмовіцца ад прызыву адзіных дзяцей у сям’і”.