"Каліноўцы" сустрэліся з мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Украіны Епіфаніем
"Каліноўцы" на сустрэчы з мітрапалітам Епіфаніем / t.me/belwarriors
Прадстаўнікі палка Каліноўскага правялі сустрэчу з мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Украіны Епіфаніем, паведамляе прэс-служба палка.
На сустрэчы прысутнічалі намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук, баец Павел "Дзядзька" Шурмей, прадстаўнік палка Дзмітрый Шчыгельскі і дэпутат Вярхоўнай Рады Багдан Яроменка — прадстаўнік партыі “Слуга Народа” фракцыі “За дэмакратычную Беларусь”.
Падчас сустрэчы, як паведамляецца, абмяркоўваліся наступныя пытанні:
— досвед Украіны ў стварэнні аўтакефальнай царквы і адыходу ад уплыву РПЦ;
— роля гэтага працэсу ў ідэнтычнасці, свабодзе, дэмакратыі, абароназдольнасці і культурным суверэнітэце краіны; актуальнасць усіх гэтых праблем для Беларусі сёння і ў будучыні;
— парушэнне правоў вернікаў і свабоды сумлення ў Беларусі.
Прадстаўнікі палка Каліноўскага выказаліся за безумоўнае захаванне ўсіх правоў вернікаў і стварэнне ўмоваў для рэалізацыі свабоды сумлення ў Беларусі пасля звяржэння дыктатуры Лукашэнкі.
Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны Епіфаній расказаў пра шлях Украінскай Праваслаўнай Царквы і ўкраінскага грамадства да атрымання Томаса. Таксама ён падзякаваў палку Каліноўскага за дапамогу ў абароне Кіева і адбіцці расійскай агрэсіі.
У палку Каліноўскага кажуць, што цяпер ідуць кансультацыі пра магчымасць падрыхтоўкі беларускіх святароў у навучальных установах Украінскай Праваслаўнай Царквы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.