Каля Маладзечна перакуліўся аўтобус з 50 дзецьмі, прыязджалі 9 брыгад "хуткіх"
На месцы аварыі / mlyn.by
У Маладзечанскім раёне перакуліўся аўтобус Volvo з 50 дзецьмі. Як паведамляе БЕЛТА, здарэнне адбылося ў панядзелак каля 12-й гадзіны каля вёскі Лазавец. У нейкі момант 38-гадовы вадзіцель не саўладаў з кіраваннем, і аўтобус занесла, ён перакуліўся на правы бок. Таму дзяцей з салона эвакуявалі праз дзверы кіроўцы.
У той момант аўтобус ехаў па грунтавой дарозе — дзяцей везлі з Мінска ў аграсядзібу на адпачынак. З імі было некалькі дарослых. На месца аварыі прыехалі бацькі дзяцей, і частку з іх забралі дахаты.
Па звестках Мінаховы здароўя, медыкі аказалі дапамогу пацярпелым — прыехалі 9 брыгад "хуткіх". Дзецям у аўтобусе было ад 8 да 11 гадоў. Бацькі 20 дзяцей адмовіліся ад іх дастаўкі ў бальніцы, іх агледзелі на месцы аварыі. 13 дзяцей завезлі ў дзіцячую бальніцу Маладзечна, шпіталізавалі толькі аднаго пацярпелага з дыягназам "удар пазваночніка". 10 чалавек завезлі ў 1-ю бальніцу Маладзечна, нікога з іх не шпіталізавалі. Яшчэ 7 дзяцей былі ў Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы, але і іх пасля агляду не сталі шпіталізаваць.
Папярэдняя падобная аварыя з аўтобусам у Беларусі была ў чэрвені пад Віцебскам. Там аўтобус таксама перакуліўся на бок, было 32 пацярпелых, у тым ліку 7 дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.