Каманда Святланы Ціханоўскай прадставіла праект новай Канстытуцыі
Каманда Святланы Ціханоўскай прадставіла праект новай Канстытуцыі, над якім працяглы час ішла праца. Ён прадугледжвае пераход да парламенцкай формы праўлення, у прэзідэнта будуць толькі прадстаўнічыя функцыі (адзін і той жа чалавек можа быць абраны толькі на два тэрміны), прэм'ера прызначыць парламент. З праекта вынікае, што ўзмацняецца роля Нацбанка, робяцца захады для стварэння незалежнай судовай сістэмы, змяняецца сістэма мясцовага самакіравання. Ёсць новаўвядзенні і ў адукацыі, і ў ахове здароўя. Смяротнай кары ў Беларусі гэты праект Канстытуцыі не прадугледжвае.
Каманда Ціханоўскай прапануе дзве дзяржаўныя мовы: беларускую і рускую. Але дапускаецца, што ў будучыні адзінай дзяржмовай стане беларуская. Дзяржаўным сцягам прапануецца зрабіць бел-чырвона-белы, гербам — "Пагоню".
Як паведамляе TUT.by, вясной і летам сябры рабочай групы, якая працавала над праектам, збіраюцца абмеркаваць тэкст з "як мага большай колькасцю беларусаў". Канчатковы тэкст чакаецца восенню 2021-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.