"Камерсант": пра забруджванне нафты было вядома яшчэ да здарэння з "Дружбай"
Пра забруджванне расійскай нафты хлорарганікай было вядома за два тыдні да скаргі "Белнафтахіма" на яе якасць у нафтаправодзе "Дружба". Пра гэта піша расійскае выданне "Камерсант". Паводле выдання, 4 красавіка шкодныя прымешкі фіксаваў Валгаградскі нафтаперапрацоўчы завод "Лукойла". І гэта працягвалася да 12 красавіка. У гэтай справе быў зварот на прадпрыемства "Транснафта-Прыволга". І на "Транснафце", і на "Лукойле" прызналі, што такая праблема была, але яна не звязаная з наступнымі праблемамі на нафтаправодзе "Дружба". Як хлорарганічныя злучэнні маглі трапіць у нафту, не патлумачылі. Крыніца "Камерсанта" сведчыць, што пастаўкі нафты з невялікім перавышэннем утрымання хлорарганікі на заводы — стандартная практыка.
Як вядома, 19 красавіка беларускі бок паведаміў, што ў нафтаправодзе "Дружба" апынулася няякасная нафта (утрыманне ў ёй хлорарганікі ў шмат разоў перавышала дапушчальную норму). Транзіт нафты ў Еўропу праз Беларусь быў спынены. Цікава, што ў Расіі палічылі, што нафту забрудзілі спецыяльна (па версіі следства, каб схаваць крадзяжы) і распачалі крымінальную справу. Праз тое, што забруджаная нафта псуе тэхналагічнае абсталяванне на нафтаперапрацоўчых заводах, беларусы чакаюць кампенсацыі, але дакладная сума стратаў яшчэ невядомая.
Больш важных падзей у праграме «Петарда»