Канцэрт па заяўках ад "Дай Дарогу!" — выбірай сам, пад што адрывацца!
14 песень, якія набяруць найбольшую колькасць галасоў, брэсцкія панкі выканаюць 7 лютага падчас уручэння прэміі “Даём рады”.
Гурт “Дай Дарогу!” прапануе прыхільнікам скласці свой ўласны сэт-ліст. 14 песень, якія атрымаюць найбольшую колькасць галасоў, прагучаць падчас выступу брэсцкіх панкаў на цырымоніі ўручэння прэміі “Даём Рады”. Выбіраць прапануецца з 51 трэка, якія, паводле назіранняў музыкаў, найбольш папулярныя сярод фэнаў. Штодзень галасаваць можна не больш, чым за 14 кампазіцый, галасы прымаюцца да 15:00 серады 5 лютага.
Апроч таго, “Дай Дарогу!” абяцаюць крыху прыадкрыць завесу і прэзентаваць некалькі песень з новага альбома, над якім цяпер працуюць.
“Мы сыграем з нашым новым бас-гітарыстам, бо Кірыл Скам’ін апошнім часам “дае копаці” і не перастае нас здзіўляць. Усё будзе у лепшых традыцыях нашага панк-рока!” — запэўнівае лідар гурта Юрый Стыльскі.
Нагадаем, што ў мінулым годзе па выніках прэміі “Даём рады” альбом “Сквозь говно” ад “Дай Дарогу!” быў названы лепшым альбомам 2012 года, сам гурт атрымаў тытул "Гурт-2012", а клуб Re:Public назваў канцэрт брастчан “Самым шалёным канцэртам” ды ўзнагародзіў пажыццёвымі бясплатнымі праходкамі на свае мерапрыемствы.
Фестываль “Даём рады” пройдзе 7 лютага ў сталічным клубе Re:Public. Падчас імпрэзы Еўрарадыё падвядзе музычныя вынікі 2013-га года.
- Кошт квіткоў:
- 90.000 — першыя 50 квіткоў,
- 110.000 — наступныя 100 квіткоў,
- 130.000 — астатнія.
- У дзень канцэрта — 150.000.
- Столік — 170.000 папярэдне, 190.000 — у дзень канцэрта.
- Набыць квіткі можна і праз Інтэрнэт.
- Даведка: +375 29 6490888