Кандрусевіч: у грамадскім жыцці нельга быць маўклівымі сведкамі несправядлівасці

Кандрусевіч: у грамадскім жыцці нельга быць маўклівымі сведкамі несправядлівасці

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з палымянай прамовай на "Купалавым фэсце", які прайшоў 11 ліпеня ў Радашковічах. Фэст традыцыйна ладзіцца пры касцёле, у якім быў ахрышчаны Янка Купала. Сёлета ў фэсце ўдзельнічаў і паэт Уладзімір Някляеў, якому днямі споўнілася 75 гадоў.

У сваёй прамове Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што Сінод біскупаў 2012 года асаблівую ўвагу звярнуў на культуру, мастацтва і літаратуру ў справе перадачы Евангелля. Па яго словах, якія перадае сайт catholic.by, Янка Купала добра разумеў гэтую ролю літаратуры: "У яго творах увасоблены духоўныя памкненні чалавека і высокія маральныя якасці, а таксама права кіравацца ў сваіх учынках уласным выбарам, жаданне знайсці справядлівасць".

Арцыбіскуп назваў актуальнымі словы Старца з драмы "Раскіданае гняздо":

"Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага пачуццё яго чалавечае!"

Па яго словах, асабісты лёс чалавека і лёс грамадства залежыць ад іх уласнага выбару. 

"Ад гэтага будзе залежаць наша будучыня. Грамадска-палітычны крызіс, які мы цяпер перажываем, гэта вынік нашага грахоўнага жыцця і патаптання асноватворнага хрысціянскага прынцыпу: "Не рабі іншаму таго, чаго не хочаш, каб табе рабілі".

Таму ў нашым грамадскім жыцці мы не можам заставацца маўклівымі сведкамі граху і несправядлівасці і, карыстаючыся сацыяльным вучэннем Касцёла, павінны шляхам навяртання, прабачэння і паяднання імкнуцца да мірнага вырашэння крызісу, які перажываем".

На заканчэнне імпрэзы Уладзімір Някляеў прэзентаваў сваю апошнюю кнігу, прысвечаную Янку Купалу.

Тадэвуш Кандрусевіч у жніўні 2020 года прыехаў да Акрэсціна, каб наведаць палітвязняў. Ён заклікаў спыніць гвалт, які чыняць улады. Пасля гэтага яго пасля выезду ў Польшчу некалькі месяцаў не пускалі ў Беларусь. Урэшце ён быў зняты з кіраўніцтва Касцёлам у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі