Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча выпісалі са шпіталя
Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскупа-эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча выпісалі са шпіталя, паведамляе catholic.by. Ён трапіў туды 12 лютага з дыягназам "мігацельная арытмія сэрца" і два тыдні праходзіў курс лячэння.
У сваім звароце Кандрусевіч дзякуе ўсім, хто яго лячыў і маліўся аб здароўі: "Няхай Добры Бог аддзячыць усім вам за вашае добрае сэрца, лекарскі прафесіяналізм і малітоўную дапамогу!".
Тадэвушу Кандрусевічу 78 гадоў. Ён быў мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, кіраваў Касцёлам у Беларусі. У 2020-м Кандрусевіч ездзіў да Акрэсціна, каб падтрымаць вязняў, заклікаў рэжым спыніць гвалт і пайсці на дыялог. У пачатку 2021-га сышоў на пенсію. Перад гэтым Тадэвуша Кандрусевіча чатыры месяцы не ўпускалі з Польшчы ў Беларусь — рэжым Аляксандра Лукашэнкі адмаўляў яму ў праве ўезду. Вярнуцца на радзіму ўдалося пасля перамоваў з удзелам Ватыкана.
Год таму арцыбіскупу зрабілі аперацыю па выдаленні пухліны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.