Кандыдат у дэпутаты зможа выступаць на радыё 3 хвіліны і ў запісе
Кандыдат у дэпутаты мясцовых саветаў зможа выступаць на радыё не больш за 3 хвіліны. Раней было 5 хвілін. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што трох хвілін цалкам дастаткова, каб распавесці пра сябе і сваю праграму. Яна мяркуе, што ў будучыні трэба адмаўляцца ад практыкі выступленняў кандыдатаў у дэпутаты ў радыёэфіры, інфармуе тэлеканал ”Беларусь 1”.
Як вядома, выступленні кандыдатаў бясплатныя (дадатковы час можна будзе аплаціць з іх асабістых фондаў). У эфіры іх можна будзе пачуць з 22 студзеня да 12 лютага 2018-га ў буднія дні ад 18-й гадзіны. Выступы не будуць транслявацца ў жывым эфіры, толькі ў запісе.
Выбары ў мясцовыя саветы ў Беларусі прызначаны на 18 лютага 2018 года. З 10 снежня праходзіць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, якое працягнецца да 8 студзеня. Кандыдаты вылучаюцца праз збор подпісаў, ад палітычных партый ці ад працоўных калектываў.