Здымаць на выбарах не забаронена, але і не дазволена. Што кажа закон і Ярмошына
Генпракуратура не знайшла падстаў для праверкі ў сувязі з тым, што падчас выбараў некаторым назіральнікам, журналістам і выбаршчыкам забаранялі на ўчастку для галасавання здымаць фота або відэа. Такі адказ атрымаў блогер Антон Матолька, які на прыкладзе выпадку з Андрусём Козелам, якому не толькі забаранілі здымкі, але яшчэ і брутальна выдалілі з участка, пацікавіўся ў пракурораў: можна здымаць ці не?
“У Вашым звароце ў Генеральную пракуратуру не прыводзіцца канкрэтных фактаў парушэнняў заканадаўства, у сувязі з чым падстаў для яго разгляду па сутнасці не маецца. Абстрактныя спасылкі на асобныя інфармацыйныя рэсурсы сеткі Інтэрнэт паведамленнем аб парушэнні заканадаўства не з'яўляюцца, паколькі Вамі не выкладзеныя довады, у адпаведнасці з якімі Вы лічыце тыя альбо іншыя дзеянні неадпаведнымі заканадаўству”, ― гаворыцца ў адказе Генпракуратуры за подпісам намесніка начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Елісеева.
Вырашаем дапамагчы блогеру ў спробе разабрацца ў пытанні і звяртаемся па каментарый да старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.
Лідзія Ярмошына: “Можна акрэдытаваным сродкам масавай інфармацыі. Калі вы пра таго карэспандэнта (Андруся Козела, ― Еўрарадыё), то як вы ведаеце, Белсат у нас не акрэдытаваны і журналістамі дадзеныя асобы з’яўляцца не могуць. Што да назіральнікаў, то ім рабіць здымкі можна толькі са згоды ўчастковай выбарчай камісіі, яе старшыні. Нам часцяком кажуць: “Гэта ж не забаронена!”. Але справа ў тым, што прынцып “можна ўсё, што не забаронена”, дзейнічае толькі ў прыватным праве ― гэты прынцып на грамадзян распаўсюджваецца ў звычайным жыцці. Калі мы кажам пра працэдуры афіцыйныя, а выбары і падлік галасоў гэта афіцыйная працэдура, тут можна рабіць толькі тое, што прадугледжана законам. Паколькі ў правах назіральніка такога права няма, то яны ажыццяўляць гэта права могуць толькі са згоды галоўнага распараджальніка на ўчастку для галасавання ― старшыні выбарчай камісіі”.
Еўрарадыё: І ў Выбарчым кодэксе ёсць норма, дзе канкрэтна прапісана, што здымаць можна толькі са згоды старшыні камісіі?
Лідзія Ярмошына: Там ўвогуле няма гэтага права ― на здымкі. Таму, лічыце, мы прадстаўляем гэта права сваімі тлумачэннямі: калі людзі не супраць ― калі ласка. Прычым, гэта тычыцца не Выбарчага кодэкса ― гэта ўвогуле агульнаграмадзянскае заканадаўства. “Мяне можна здымаць толькі з маёй згоды”, ― кажа яно. Бо мне належыць эксклюзіўнае права на маю ўласную асобу
Еўрарадыё: Але выбарчы ўчастак ― публічнае месца!
Лідзія Ярмошына: Месца публічнае, але тут паводзіны ўсіх бакоў абмежаваныя межамі выбарчага заканадаўства. І там дакладна прапісаныя правы назіральніка.
Еўрарадыё: І яно, тое заканадаўства, ні назіральніку, ні звычайнаму чалавеку, які пажадае зрабіць здымкі…
Лідзія Ярмошына: Не, яно не дае права! У звычайнага чалавека ніякага права, апроч як прыйсці і прагаласаваць, няма. А любы звычайны з вуліцы, калі ён не з’яўляецца выбаршчыкам гэтага ўчастка, па вялікім рахунку, увогуле правоў не мае ― ён проста мінак.
Эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер са старшынёй ЦВК не згодны ― ні ў адным заканадаўчым акце забарона на фота і відэаздымкі не прапісаная, незалежна ад таго, хто здымае: акрэдытаваны журналіст, назіральнік, выбаршчык з гэтага ўчастка ці мінак. Калі не лічыць такім заканадаўчым актам распрацаваныя ЦВК “метадычкі”.
Сяргей Альфер: “І рабіць відэа старшыні камісій забараняюць на падставе гэтых метадычных рэкамендацый. А вось, што тычыцца фота і гуказапісу, то гэтага ўвогуле забараняць нельга”.
Праўда, дадае Сяргей Альфер, тут старшыні выбарчых камісій навучыліся карыстацца іншым “законам” ― права начальніка, які заяўляе, што сваімі здымкамі вы перашкаджаеце працы камісіі і на падставе гэтага ён забараняе гэта рабіць. Калі ж вы не згодныя, то тут набывае моц яшчэ адна “норма” ― права выклікаць на вас міліцыю. Чым гэта можа скончыцца, мы бачылі на прыкладзе з Андрусём Козелам.