Для росквіту краіны патрэбная "моцная рука"? Не абавязкова — і вось чаму

Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У грамадскай дыскусіі самых розных краін не сціхаюць спрэчкі пра неабходнасць кіраваць дзяржавай "моцнай рукой". Пры гэтым, як правіла, пад "моцнай рукой" у такіх размовах маецца на ўвазе менавіта аўтарытарная форма кіравання. Рэдакцыя Facktcheck.kz вырашыла прадметна разабрацца, як дэмакратыя і аўтакратыя ўплываюць на такія паказчыкі, як ВУП, узровень карупцыі, працягласць жыцця, дзіцячая смяротнасць, узровень злачыннасці, спажыванне аднаўляльнай энергіі і выкіды CO2.

 

ВУП і форма кіравання

Сёння не існуе адзінага меркавання, які рэжым — дэмакратыя або аўтарытарызм — больш паспяхова вядзе краіну да эканамічнага росту і дабрабыту. Прыклады Сінгапура, Тайваня, Паўднёвай Карэі (да іх дэмакратызацыі) і асабліва Кітая дэманструюць эфектыўнасць недэмакратычных рэжымаў у эканоміцы.

Аднак даследаванні паказваюць, што гэтыя ўсходнеазіяцкія краіны — хутчэй выключэнне, чым правіла, і высокі ўзровень эканамічнага росту ў іх, нягледзячы на недэмакратыю і карупцыю, называецца "усходнеазіяцкім парадоксам".

Няма гарантый, што аўтакратыі забяспечаць эканамічны рост. Пры часовым росце паказчыкаў, такіх, як ВУП на душу насельніцтва, эканамічны поспех аўтакратый можа быць нестабільны і залежаць ад канкрэтнага лідара.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Гэры Бэкер падкрэсліваў, што эканамічны поспех аўтакратый можа быць вышэйшы, але менш стабільны, і ў крызісы аўтакратыі зазнаюць вялікія падзенні. Нямецкі інстытут устойлівага развіцця пацвердзіў, што дэмакратыі не абганяюць аўтакратыі ў эканамічным развіцці, але яны больш стабільныя і паказваюць большы рост у неэканамічных паказчыках, такіх, як дзіцячая смяротнасць, працягласць жыцця, узровень адукацыі і г.д.

Для процветания страны нужна "сильная рука"? Не обязательно — и вот почему
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Карупцыя і форма кіравання

Паводле эканаміста Сяргея Гурыева, у цэлым узровень карупцыі звычайна вышэйшы ў недэмакратычных рэжымах, дзе абмежаваная палітычная канкурэнцыя і ўлада менш падсправаздачная. Чым вышэйшы ўзровень палітычнай канкурэнцыі і чым старэйшая дэмакратыя, тым ніжэйшая карупцыя. Аднак не так відавочна, што тут першаснае: адсутнасць дэмакратыі або карупцыя.

Даследаванні пацвярджаюць словы Сяргея Гурыева. Дагэтуль не ўдалося выявіць прамой залежнасці паміж ўзроўнямі дэмакратыі і карупцыі — дэмакратызацыя не азначае неадкладнага зніжэння ўзроўню ўспрымання карупцыі. Уплывае хутчэй узрост дэмакратычнага рэжыму. Магчыма, пералом ва ўзроўні карупцыі адбываецца толькі тады, калі краіна робіцца ліберальнай дэмакратыяй з развітымі дэмакратычнымі інстытутамі і досыць адукаванай і развітай грамадзянскай супольнасцю.

Карупцыя можа быць прычынай абмежавання пераходу да дэмакратыі, а таксама стымуляваць кіроўны клас процідзейнічаць дэмакратызацыі. Узаемасувязь паміж карупцыяй, эканамічным ростам і тыпам рэжыму складаная. У аўтакратыях карупцыя часта звязаная з эканамічным ростам, бо палітыкі ў такіх рэжымах маюць больш доўгатэрміновыя планы і зацікаўленыя ў развіцці бізнесу. Аднак аўтакратыі ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы не паказваюць эканамічнага росту пры высокай карупцыі праз нестабільнасць палітычнага лідарства.

 

Працягласць жыцця, дзіцячая смяротнасць і форма кіравання

У краінах з аўтарытарным рэжымам узровень дзіцячай смяротнасці можа быць ніжэйшы, чым у краінах з дэмакратычным рэжымам. Аднак гэта не заўсёды значыць, што аўтарытарныя рэжымы забяспечваюць лепшую ахову здароўя. Уплыў на гэтыя фактары можа быць абумоўлены эканамічным росквітам дзяржавы, а не тыпам рэжыму.

У цэлым працягласць жыцця ў дэмакратыях звычайна вышэйшая, чым у аўтарытарных краінах, паводле звестак арганізацыі Our World in Data. Даследаванні таксама паказваюць, што смяротнасць з розных прычын зніжаецца з ростам дэмакратызацыі. Даследчыкі звязваюць гэта з тым, што ў сярэднім у дэмакратыях вышэйшыя выдаткі на ахову здароўя нават у крызісныя гады і ніжэйшая карупцыя. Гэтыя фактары, у сваю чаргу, звязваюць са свабоднымі выбарамі і празрыстай справаздачнасцю перад выбаршчыкамі.

Для процветания страны нужна "сильная рука"? Не обязательно — и вот почему
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Існуе карэляцыя паміж эканамічным росквітам краіны, выдаткамі на ахову здароўя і паказчыкамі здароўя грамадзян. Аднак складана з упэўненасцю сказаць, што ўплывае менавіта тып рэжыму, а не эканамічны дабрабыт дзяржавы.

 

Узровень злачыннасці і форма кіравання

Мяркуючы з вынікаў даследаванняў, узровень наўмысных забойстваў і ўзровень адчуванай небяспекі вышэйшы ў краінах з пераходным тыпам дэмакратыі, чым у «паўнавартасных» дэмакратыях і аўтарытарных краінах. Гэта тлумачыцца тым, што ўстойлівыя дэмакратыі маюць больш развітыя інстытуты, якія дазваляюць больш эфектыўна вырашаць канфлікты і зніжаць сацыяльна-эканамічную напружанасць у грамадстве.

Аўтарытарныя рэжымы, у сваю чаргу, кантралююць узровень гвалтоўных злачынстваў з дапамогай часта больш жорсткіх мер пакарання і большага кантролю. Аднак даследаванні паказваюць, што пагроза пакарання сама па сабе не змяншае колькасці злачынстваў, калі не выконваюцца яшчэ два фактары: непазбежнасць пакарання і роўнасць перад законам.

Імаверна, што адносна нізкі ўзровень гвалтоўных злачынстваў у аўтарытарных краінах абумоўлены не рэпрэсіўнай палітыкай, а недакладнасцю звестак і вышэйшым узроўнем карупцыі, якая дазваляе злачынцам пазбягаць крымінальнага пераследу, праз што злачынствы могуць проста не трапляць у поле зроку грамадзян і сацыёлагаў.

 

Эфектыўнасць пры крызісах і форма кіравання

Даследаванні эфектыўнасці розных урадаў у вырашэнні глабальных крызісаў, такіх, як пандэмія COVID-19 і змяненне клімату, паказалі, што тып палітычнага рэжыму адыгрывае другасную ролю. У выпадку пандэміі паспяховасць захадаў, зробленых урадамі, залежала ад узроўню даверу грамадзян да ўлады, а не ад тыпу рэжыму. Напрыклад, у Кітаі і Сінгапуры, аўтарытарных краінах, давер да ўлады быў высокім, што спрыяла больш паспяховаму выкананню абмежавальных захадаў. Хуткасць і эфектыўнасць прыняцця рашэнняў таксама ўплывалі на ход пандэміі, і ў гэтым аспекце ЗША, дэмакратычная краіна, сутыкнуліся з разыходжаннямі ў меркаваннях і цяжкасцямі ў барацьбе з COVID-19.

Для процветания страны нужна "сильная рука"? Не обязательно — и вот почему
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Аднак параўнанне паказчыкаў заражэння і смяротнасці ад COVID-19 у аўтарытарных і дэмакратычных краінах ускладненае праз скажэнне звестак і адрозненні ў афіцыйнай справаздачнасці. Важна адзначыць, што ўплыў тыпу рэжыму можа быць зрушаны эканамічным дабрабытам дзяржавы і іншымі фактарамі. Такім чынам, эфектыўнасць вырашэння крызісаў не можа быць адназначна звязаная толькі з тыпам палітычнага рэжыму і патрабуе глыбейшага даследавання.

 

Барацьба са змяненнем клімату і форма кіравання

Самае цікавае тычыцца барацьбы з кліматычнымі зменамі. Неабходнасць барацьбы з кліматычнымі зменамі можа пагражаць існаванню дэмакратый праз іх нізкую эфектыўнасць у прыняцці эфектыўных мер. Усё больш людзей схіляецца да "ЭКА-аўтарытарызму", дзе цэнтры прыняцця рашэнняў могуць рэалізоўваць неабходныя экалагічныя праграмы без марнавання часу на ўнутрыпартыйныя абмеркаванні і без уліку жаданняў грамадзян.

Аўтакратыі і дэмакратыі маюць розныя перавагі і абмежаванні ў барацьбе са змяненнем клімату. Аўтакратычныя рэжымы маюць перавагі ў выглядзе нязменнасці ўлады і шыраты паўнамоцтваў, што дазваляе ім рабіць доўгатэрміновыя захады для вырашэння кліматычных праблем. Аднак дэмакратыі маюць такія перавагі, як доступ да інфармацыі, свабода выказвання і развітая грамадзянская супольнасць, што дазваляе экалагічным арганізацыям уплываць на грамадскую думку і палітычную павестку.

Аднак у дэмакратычных рэжымах працэс прыняцця рашэнняў можа быць зацяжным праз неабходнасць улічыць інтарэсы розных груп, ацаніць выдаткі і эфектыўнасць захадаў. Акрамя таго, кароткія тэрміны знаходжання ва ўладзе і палітычная цана непапулярных рашэнняў могуць прывесці да папулісцкіх крокаў, накіраваных на атрыманне кароткатэрміновай выгады.

Інтарэсы буйных нафтагазавых кампаній таксама ўплываюць на прыняцце рашэнняў у дэмакратычных краінах: кампаніі лабіруюць свае інтарэсы з дапамогай дэмакратычных інструментаў. Гэта можа прыводзіць да зніжэння экалагічнай эфектыўнасці такіх краін. Напрыклад, у ЗША паліўныя кампаніі выдаткавалі $2 млрд за перыяд з 2000 да 2016 на лабіраванне сваіх інтарэсаў у прыродаахоўным заканадаўстве. У такіх умовах «зялёныя» арганізацыі проста не могуць канкураваць за прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў ва ўрадзе.

 

Выснова

Пытанні кіравання і ўстойлівага развіцця з'яўляюцца складанымі і шматграннымі, і не існуе простых адказаў. Аўтарытарныя рэжымы могуць мець пэўныя перавагі, асабліва ў дачыненні да прыняцця доўгатэрміновых рашэнняў без палітычнага абароту. Аднак ёсць значныя недахопы такога падыходу, у тым ліку патэнцыйнае зацісканне грамадзянскіх свабод і правоў чалавека.

Пандэмія, імклівы рост інфляцыі і кошту жыцця, вайна ва Украіне, пагроза ядзернай вайны, кліматычныя катастрофы і расхістванне дэмакратычных інстытутаў — гэта толькі асноўныя крызісы, з якім свету давялося сутыкнуцца апошнім часам. Нядзіўна, што ў пошуках стабільнасці людзі шукаюць апоры, і аўтарытарная прапаганда яе прапануе, выстаўляючы сябе эфектыўнай альтэрнатывай аслаблым дэмакратыям. Аднак варта памятаць, што, хоць сам па сабе ніводзін рэжым не гарантуе росквіту для ўсіх сваіх грамадзян, дэмакратыі любога фармату захоўваюць прастору для альтэрнатыўнага меркавання і механізмы ўплыву на рашэнні, якія прымаюцца. У часы, калі палітыкі перасталі быць эфектыўнымі, на першы план выступаюць грамадзянскія нізавыя ініцыятывы, НКА і актывісты.

Дэмакратыя — не лекі ад палітычных амбіцый, і нават у дэмакратыях палітыкі могуць прынесці ў ахвяру інтарэсы грамадзян за магчымасць застацца ва ўладзе. Стывен Пінкер, прафесар эвалюцыйнай псіхалогіі з Гарвардскага ўніверсітэта, прыкмячае, што "нягодная дэмакратыя можа выявіцца горшай за гуманную дыктатуру", і з ім складана паспрачацца. Аднак нягодная дэмакратыя дае сваім грамадзянам магчымасць нешта ў ёй змяніць, а дыктатура — не.

Матэрыял апублікаваны пры падтрымцы "Медыясеціва"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі