На выбарах у Оршы старшыня камісіі ўзяла назіральнікаў "у закладнікі"
Унікальны выпадак адбыўся падчас выбараў у Оршы. На ўчастку для галасавання ў СШ №5 назіральнікі і чальцы камісіі амаль да гадзіны ночы не маглі пакінуць памяшканне, піша orsha.eu.
Старшынёй выбарчай камісіі была дырэктарка школы №5 Наталля Вайцяховіч. Яна вызначыла для назіральнікаў месцы за 6 метраў ад стала, дзе падлічвалі бюлетэні. Назіральнікі з такой адлегласці нічога не бачылі, таму склалі адразу дзве скаргі.
У адказ на гэта Вайцяховіч заявіла, што ніхто з прысутных (сябраў камісіі і назіральнікаў) не пакіне памяшканне ўчастка, пакуль яна не дасць адказ або назіральнікі не адклічуць скаргу і прынясуць ёй прабачэнні. У выніку ўсе затрымаліся ў памяшканні.
У 00.20 адзін з назіральнікаў, які быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты, патэлефанаваў у свой выбарчы штаб і паведаміў аб праблеме. Да школы прыехалі назіральнікі з іншых участкаў і праз шыбы сталі здымаць канфлікт на фота і відэа. У адказ Вайцяховіч загадала зачыніць усе праходы да школы.
Тады назіральнікі патэлефанавалі ў міліцыю і заявілі, што іх незаконна пазбаўляюць волі. Толькі пасля прыезду нарада міліцыі ім удалося пакінуць школу.