Кантактная група ў Мінску дамовілася развесці бакі на трох участках на Данбасе
На перамовах у Мінску Трохбаковая кантактная група падпісала рамачнае пагадненне аб развядзенні сіл і сродкаў на трох участках на Данбасе. Пра гэта на сваім акаўнце ў Фэйсбуку паведаміла прэс-сакратар Кучмы Дарка Аліфер.
Па яе словах, пагадненне фактычна стварае ўмовы, пры якіх стралковая зброя не можа выкарыстоўвацца для абстрэлаў. Акрамя таго, дакумент агаворвае поўнае выкананне папярэдніх дамоўленасцяў Трохбаковай групы пра адвядзенне з лініі судакранання гармат калібрам менш за 100 мм.
Аліфер падкрэслівае, што развядзенне бакоў запланаванае толькі на трох участках з выразна прапісанымі каардынатамі. Афіцыйны Кіеў спадзяецца, што гэта толькі пачатак да магчымага развядзення сіл і сродкаў ўздоўж усёй лініі размежавання.