Кантроль, запалохванне і дыскрымінацыя. Выйшла даследаванне рэпрэсій у Беларусі

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца

Інфармацыя пра рэпрэсіі прыходзіць з Беларусі практычна кожны дзень. Каб разумець, як эвалюцыянуюць карныя практыкі рэжыму, якія тэндэнцыі ў рэпрэсіях згасаюць і якія новыя трэнды з’яўляюцца, Цэнтр новых ідэй прадставіў справаздачу па даследаванні “Барометр рэпрэсій у Беларусі”. Яны будуць выходзіць кожны квартал.

Першае даследаванне падрыхтаваў старшы эксперт цэнтра, кандыдат сацыялагічных навук Генадзь Коршунаў.

Еўрарадыё пераказвае галоўнае.
 

Кантроль

Адным з галоўных інструментаў кантролю над грамадствам, па меркаванні даследчыкаў, з’яўляецца знішчэнне любых форм самаарганізацыі грамадзян і падпарадкавання сваім інтарэсам любых магчымых сфер дзейнасці. Галоўным чынам гэта датычыцца ліквідацыі дзейнасці недзяржаўных медыяў і некамерцыйных арганізацый.

Сацыёлагі расказваюць, што з 2020 года Беларусь страціла больш за 1500 арганізацый трэцяга сектара. За 2023 год такіх (сама)ліквідаваных арганізацый было мінімум 336.

Адным з самых адыёзных рашэнняў, па меркаванні даследчыкаў, у гэтым напрамку стала ліквідацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі камітэт “Дзеці Чарнобыля”, які з 1986 года займаўся аздараўленнем дзяцей, пацярпелых і ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

— З гэтага прыкладу бачна, што на бягучы момант ніякая недзяржаўная арганізацыя, якой бы гуманітарнай справай яна не займалася, не застрахаваная ні ад рэйдарскага захопу ўладамі Беларусі, ні ад прымусовай ліквідацыі з таго ж боку.

Акрамя гэтага, адзначаюць сацыёлагі, улады працягваюць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, вядомых беларускіх блогераў.

 

Палітычная сегрэгацыя і дыскрымінацыя

Даследчыкі прыходзяць да высноў, што беларускі рэжым усё больш дакладна і паслядоўна праводзіць размежаванне паміж лаяльнымі і нелаяльнымі яму грамадзянамі з дыскрымінацыяй апошніх.

Мэтанакіраваная дыскрымінацыя ўзмацняецца і адносна тых, хто зараз знаходзіцца ў месцах зняволення, і тых, хто зараз пражывае ў Беларусі, і тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму.

Тых, хто выступіў супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе і застаўся ў Беларусі, пазбаўляюць працы, заносяць у спісы КДБ ці МУС. Пасля гэтага знайсці працу у дзяржаўным сектары становіцца фактычна немагчыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі