Караць за “дробнае хуліганства” цяпер змогуць без суда?

На гэтую акалічнасць звяртаюць увагу праваабаронцы ў законапраекце “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адмінстрацыйных правапарушэннях”, які паступіў у Палату прадстаўнікоў.

Па словах эксперта Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Дар’і Каткоўскай, прапануецца даць права міліцыянтам самім выносіць пакаранне па артыкулах за “дробнае хуліганства” і “распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы” — найбольш папулярных артыкулах у дачыненні да грамадскіх актывістаў.

Дар’я Каткоўская: “Яго затрымліваюць на вуліцы, прывозяць у міліцыю і яму будуць прапаноўваць прызнаць віну і заплаціць штраф, каб не ехаць на суткі. Бо адзіны варыянт, што ёсць у гэтых зменах, калі такую справу будзе вырашаць суд, гэта калі асоба не прызнае сваю віну. То бок, міліцыя будзе ў любым выпадку накіраваная на тое, каб усе затрыманыя па гэтых артыкулах прызнавалі сваю віну да суда”.

Як вядома, за пералічаныя правапарушэнні прадугледжваецца не толькі штраф, але і адміністрацыйны арышт — “суткі”. Ці змогуць міліцыянты адпраўляць у СІЗА без суду, у законапраекце не ўдакладняецца. Але калі да гэтага дойдзе, сцвярджае суразмоўца Еўрарадыё, то гэта будзе супярэчыць міжнародным пагадненням, падпісаных Беларуссю: па іх асуджаць на знаходжанне за кратамі можа выключна суд.

Фота: www.svaboda.org.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі