Карлюкевіч: Змены ў закон аб СМІ запатрабаваныя беларускім грамадствам
Змены ў закон аб СМІ запатрабаваныя беларускім грамадствам. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Ён спасылаецца на грамадзян Беларусі, якія, “апынуўшыся ў ролі паддоследных трусаў, выказваюць сваю ацэнку, уносяць свае прапановы, патрабуюць абмежаваць доступ, зачыніць той ці іншы рэсурс”.
Карлюкевіч падкрэслівае, што новаўвядзенне заклікае грамадства, “якое сёння не можа жыць без інтэрнэту… проста быць цывілізаваным”. Шмат пытанняў узнікла наконт планаў па ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, якія размяшчаюць інфармацыю на інтэрнэт-рэсурсах. “Калі наступае пытанне адказнасці, то той рэсурс, у якім яны выступілі, абавязаны даць справаздачу і пазначыць, хто з’яўляецца аўтарам таго ці іншага каментарыя ці больш шырокага матэрыялу”, — сказаў міністр.
Пра папраўкі ў Закон аб СМІ, якія могуць унесці ў нашай краіне, стала вядома ў пачатку красавіка. Сярод новаўвядзенняў — абавязковая ідэнтыфікацыя асоб, якія змяшчаюць свае матэрыялы на сайтах, якія каментуюць матэрыялы, удзельнічаюць у форумах. Больш падрабязна гл. тут.