Кароль Бельгіі абурыўся рэкламай Burger King
Кароль Бельгіі Філіп абурыўся рэкламай сеткі рэстаранаў хуткага харчавання Burger King: гэты брэнд павінен хутка прыйсці на бельгійскі рынак і анансаваў гэтую падзею жартаўлівымі выбарамі манарха.
Выбары праходзяць на сайце whoistheking.be. Карыстальнікам нагадваюць, што 21 ліпеня 2013 года бельгійскім каралём стаў Філіп, а 19 траўня 2017 года пра свой прыход у Бельгію абвясціў Burger King. “Два каралі, адна карона, хто будзе валадарыць?” — пытаюцца ў карыстальнікаў і прапануюць прагаласаваць — за Філіпа або за Бургер Кінга. Калі выбраць кіруючага манарха, сайт пытаецца: “Вы ўпэўненыя? Не ён пасмажыць вам бульбу-фры” Калі адказаць “так”, то з’явіцца пытанне: “Ці ўпэўненыя вы, што вы ўпэўненыя?”, а кнопка “так” робіцца значна меншай за кнопку “не”.
Галасаванне на сайце адкрытае да 19 чэрвеня. Burger King адчыніць свой першы рэстаран у Бельгіі ў канцы наступнага месяца.
Прадстаўнік бельгійскай каралеўскай сям’і П’ер Эманюэль дэ Бо заявіў, што выкарыстанне выявы караля павінна быць ухваленае манархам, але ў яго дазволу не пыталі. “Мы не ўхваляем такі падыход, — сказаў ён. — Паколькі гэта робіцца для камерцыйных мэтаў, мы б не далі такога дазволу”.
Зрэшты, на сайце Burger King выкарыстоўваецца мультыплікацыйная выява Філіпа, а сама сетка рэстаранаў не атрымлівала ніякіх паведамленняў ад каралеўскай сям’і, паведамляе ВВС.