Кастусёў: Партыя БНФ здымае вахту каля рэстарана "Поедем поедим"
Партыя БНФ здымаецца з удзелу ў курапацкай вахце. Пра гэта ў сацсетках заявіў старшыня партыі Рыгор Кастусёў.
"Курапацкая варта, што няспынна трымаецца актывістамі з пачатку лета, на гэты момант цалкам дасягнула тых мэтаў, якія мы ставілі. Увага шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадскасці прыцягнутая да амаральнай ды сумнеўнай, з пункту гледжання нормаў права, дзейнасці установы “Поедем-Поедим”, — гаворыцца ў заяве Кастусёва.
У каментары Еўрарадыё кіраўнік ПБНФ патлумачыў сутнасць заявы.
Кастусёў: "Партыя БНФ спыняе блакаванне брамы “Поедем-Поедим” і стаянне ў пікетах каля брамы. А абарону Курапатаў Партыя БНФ працягвае. І мы выходзім на новы этап у абароне Курапатаў і заклікаем усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы падтрымаць гэтую нашую ініцыятыву".
Па яго словах, партыя будзе патрабаваць адкрыць архіўную праўду пра Курапаты, патрабаваць ад дзяржавы належнага ўшанавання памяці ахвяраў у Курапатах. Самае галоўнае, кажа Кастусёў, дамагчыся адкрыцця архіваў КДБ.
Стаянне ў пікетах каля брамы, мяркуе палітык, дасягнула сваёй мэты: грамадства пабачыла, што за людзі ездзяць у рэстаран "Поедем поедим". Пікеты былі эфектыўнымі, бо за суткі ў рэстаран прыходзіць пара чалавек, дадае Кастусёў. Таму гаспадары будуць вымушаныя зачыніць рэстаран або памяняць яго накіраванасць.