"Катапультаваўся, але разбіўся аб шкло": відавочцы пра трагедыю ў Баранавічах
Месца падзення самалёта / "Наш край"
19 траўня ў Баранавічах упаў вайсковы самалёт Лідскай штурмавой авіябазы Як-130. Абодва лётчыкі, Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка, загінулі.
— Пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункта. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся, — паведамляе Мінабароны.
Еўрарадыё даведалася ў відавочцаў, як гэта адбылося.
Гараджанка Ганна, якая працуе недалёка ад месца здарэння, кажа, што рыхтавалася авіяшоу да Дня горада 21 траўня.
— Мы з калегамі якраз выйшлі пакурыць і ўсё бачылі. Усяго чатыры самалёта лётала. Адзін пачаў віхляць, абышоў па крузе будынак нашай фірмы. Потым лётчык пачаў адводзіць самалёт. Той рэзка пайшоў уніз, і яго пачало круціць. Я яшчэ кажу калегу: "Што ён робіць?" А потым мы пачулі стук і ўбачылі вялікія клубы дыму, — кажа Ганна.
Самалёт упаў каля двухпавярховікаў у раёне вуліцы Розы Люксембург побач з домам гараджаніна Васіля. Мужчына адразу пабег дадому, бо там знаходзіўся ягоны сын.
— Запчасткі, абломкі ляжаць пад вокнамі. Тры дамы пабітыя: шыбы павыбівала, фасады чорныя. Мой дом крыху наўскасяк стаіць, таму цэлы. Суседка казала, што пілот на парашуце ляцеў. Яго знесла ў дом, і ён разбіўся насмерць аб шкло, — распавядае Васіль. — Там пяць пажарных, верталёты лёталі. На месцы, куды ўпаў самалёт, глыбокая яма. Цел я не бачыў. Там ужо ўсё ачапілі. Далей, за дамамі, поле незабудаванае. Людзі вешаюць там бялізну, зрабілі дзіцячую пляцоўку, але мы не ведаем, ці быў там хто-небудзь з нашых жыхароў.
Рэдакцыя Еўрарадыё выказвае спачуванні блізкім загінулых лётчыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.