Католікі, грэка-католікі і пратэстанты Беларусі адзначаюць Нараджэнне Хрыстова
25 снежня католікі, грэка-католікі і пратэстанты Беларусі адзначаюць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў — Нараджэнне Хрыстова
У сваёй казані падчас імшы 24 снежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, згадаў і асноўныя падзеі, з якімі Беларусь і свет сутыкнуліся ў сыходзячым годзе.
Перш за ўсё мітрапаліт згадаў каранавірус і яго наступствы: "Нечаканыя выклікі, якія выпалі на долю свету і нашай краіны, як паказалі крохкасць сучаснага сусветнага парадку і яго ўразлівасць, так і агалілі духоўныя праблемы сучаснага чалавека. Ён даверыў сябе не Богу, але самому сабе, свайму інтэлекту, развіццю навукі, тэхналогіі, культуры. Эпідэмія паказала, што гэтага занадта мала, бо мікраскапічных памераў вірус пачаў супрацьстаяць магутным гэтага свету і паставіў іх на калені".
Не абмінуў Кандрусевіч і падзеі ў Беларусі, за якімі сачыў увесь свет: "Складаная грамадска-палітычная сітуацыя ў нашай краіне, якая стала новым выклікам, таксама заклікае нас звярнуць большую ўвагу на Бога і захаванне Божага закону. Наколькі іншымі былі б наша Бацькаўшчына і нашае жыццё, калі б мы жылі згодна з законам любові да Бога і бліжняга! Калі б узаемна ўмелі прабачаць адзін аднаму! Калі б, будучы рознымі, былі аб’яднанымі клопатам пра агульнае дабро!"
Сам арцыбіскуп чатыры месяцы прабыў у выгнанні: беларускія ўлады адмаўляліся прапусціць яго на радзіму. Толькі 24 снежня Кандрусевіч змог прыехаць у Беларусь.
Еўрарадыё віншуе ўсіх з Нараджэннем Хрыстовым! Радасных святаў!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.