Кавальчуку і Шарснёву з адміністрацыі Лукашэнкі загадалі спыніць супрацьстаянне

Мікалай Шарснёў і Сяргей Кавальчук

Мікалай Шарснёў і Сяргей Кавальчук / by.tribuna.com

Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук і старшыня Беларускай федэрацыі футбола Мікалай Шарснёў атрымалі загад спыніць супрацьстаянне з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Як даведалася "Трыбуна", нейкі час таму Шарснёў і Кавальчук былі выкліканыя на сустрэчу з першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Максімам Рыжанковым. Ён заявіў, што "вайна Мінспорту і АБФФ" павінна неадкладна быць спынена — так, як "кажа і хоча дзяржава". А "дзяржава", паводле пазіцыі Рыжанкова, — гэта міністэрства. Да таго ж на нарадзе прагучала, што далейшае супрацьстаянне можа прывесці да санкцый з боку УЕФА. У такой сітуацыі Мікалай Шарснёў капітуляваў. Аднак, каб зусім не прыніжаць дзейнасць федэрацыі, было вырашана даверыць правядзенне фінальнага этапу другой лігі менавіта ёй.

6 траўня АБФФ правяла пазачарговае пасяджэнне выканкама, дзе было прынята рашэнне, што турнір у другой лізе чэмпіянату Беларусі пройдзе ў фармаце першынства абласцей і Мінска. Фактычна менавіта на гэтым і настойваў міністр спорту.

Пра тое, што кіраўнік федэрацыі футбола, былы кіраўнік Віцебскай вобласці, уступіў у канфрантацыю з міністрам спорту, які раней служыў у службе бяспекі Лукашэнкі, стала вядома летам мінулага года. Мікалай Шарснёў сказаў Сяргею Кавальчуку, што АБФФ будзе самастойна прымаць рашэнні па развіцці футбола. 

Сёлета Аляксандр Лукашэнка абураўся на нарадзе, што Кавальчук і Шарснёў "нешта не падзялілі" і "не могуць працаваць адзін з адным". І дадаў: "Ды там жа дзяліць няма чаго!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі