Казуліна будуць судзіць за лаянку матам каля Вярхоўнага суда

Затрыманага ўчора каля Вярхоўнага суда Аляксандра Казуліна будуць судзіць. Нібыта за тое, што ён гучна лаяўся матам, выказваў незадавальненне рашэннем суда па справе Мікалая Аўтуховіча і не падпарадкоўваўся міліцыянтам, якія спрабавалі яго сцішыць.
Працэс пачнецца 12 траўня аб 11 гадзіне ў судзе Ленінскага раёна. Пра гэта Еўрарадыё расказаў сам экс-кандыдат у прэзідэнты.

Аляксандр Казулін: "Абвінавачваюць у тым, што, знаходзячыся ў грамадскім месцы, парушалі грамадскі парадак, крычалі, выказвалі незадавальненне рашэннем суда і "груба выказваліся нецэнзурнай лаянкай". А калі супрацоўнікі міліцыі ўказалі на гэта, то пачалі яшчэ больш груба выказвацца нецэнзурнай лаянкай".

Па словах палітыка, яго затрымалі ў той момант, калі ён ішоў ад будынка суда дахаты – на перакрыжаванні вуліц Леніна і Маркса. Прычым мэтанакіравана выхапілі з групы людзей, якія ішлі побач з ім. Палітыка АМАПаўцы моўчкі заштурхнулі ў аўтобус і не адказвалі на патрабаванні патлумачыць прычыны яго затрымання.

Казулін кажа, што яго міліцыянты не білі, а вось іншым хлопцам нагамі па рэбрам дасталося.

Аляксандр Казулін: “Мяне – не, не білі. А вось хлопцаў маладых, якіх пасля мяне запіхвалі, тым нагамі збівалі. Яранёнку дасталася. І толькі калі я падскочыў, тады перасталі біць. А так – кінулі на падлогу і нагамі дадалі”.

На думку палітыка, затрыманні гэтыя не былі выкліканыя бояззю міліцыянтаў, што людзі пойдуць ад суда на Кастрычніцкую плошчу і зладзяць там мітынг. Па яго словах, было відаць, што людзі проста разыходзяцца кожны па сваіх справах. І таму тлумачыць дзеянні міліцыянтаў не бярэцца.

Нагадаем, што 6 траўня Вярхоўны суд вынес вырак па так званай справе “ваўкавыскіх прадпрымальнікаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі