Хакеісты Беларусі і Расіі ўвайшлі ў лік удзельнікаў зімовай Алімпіяды-2026
Беларускіх хакеістаў папярэдне ўключылі ў спіс удзельнікаў Алімпіяды-2026
Хакейныя зборныя Беларусі і Расіі ўключаныя ў лік патэнцыйных удзельнікаў зімовай Алімпіяды 2026 года. Адпаведнае рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF).
Беларуская зборная папярэдне атрымала месца ў адборачным турніры, расійская — адразу на Алімпіядзе. Нашым хакеістам вылучылі месца ў групе D. Сапернікамі беларускай каманды стануць зборныя Славакіі ды Казахстана.
Праўда, застаецца адна ўмова: хакеісты змогуць паўдзельнічаць у Алімпіядзе, калі будуць знятыя санкцыі. Чакаецца, што адпаведнае пытанне будзе разглядацца ў сакавіку 2024 года.
Як нагадвае "Позірк", 25 верасня кіраўнік фінскага Хакейнага саюза Хары Нумела заявіў: пазіцыя хакейнай супольнасці наконт вяртання зборных Беларусі і Расіі да спаборніцтваў пад эгідай Міжнароднай федэрацыі хакея застаецца нязменнай — толькі па заканчэнні расійска-ўкраінскай вайны.
Міжнародныя санкцыі на спартоўцаў Беларусі і Расіі былі накладзеныя ў 2022 годзе — пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне. Афіцыйны Мінск падтрымаў Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.